Зміцер Дашкевіч
Апошнім часам імя Змітра Дашкевіча зноў заняло медыйную прастору. Аднак за шматлікімі навінамі пра новы прысуд, чарговыя нядопускі адваката ды жорсткія катаванні ў калоніі, здаецца, губляецца сама
асоба палітвязня — сімпатычнага бялявага хлопца, які вывучаў сельскую навуку і філалогію, некалі «паслаў» Паўла Севярынца ды займеў мянушку
«сектант».
Бацькі вярнуліся нараджаць з Магадана ў Беларусь
Ёсць фатаздымак маленькага Змітра, дзе той сядзіць побач з бацькам і чытае «Сельскую газету». Фотаздымак сімвалічны — бацькі Змітра, Вольга і Вячаслаў Дашкевічы, працавалі
журналістамі. Прафесія занесла іх ажно на Далёкі Усход, на Магадан. І тут можна знайсці сімвалізм — на Магадане, на сумнавядомай Калыме, у савецкія часіны месціліся шматлікія
«выхаваўча-працоўныя лагеры». Цяпер у беларускай турме спрабуюць перавыхаваць Змітра. «Спакойна пражываючы ва ўлонні маці дзевяць месяцаў, запатрабаваў я з’явіцца
на свет на генетычнай Бацькаўшчыне. З гэтай пазіцыяй бацькі павінны былі лічыцца, і таму адправіліся ў падарожжа да родных мясцінаў», — піша ў сваёй біяграфіі для кніжкі
«Маладафронтаўцы» Зміцер Дашкевіч. Хлопец узгадвае яшчэ адну цікавую дэталь — нарадзіўся ён у Ельску, на Гомельшчыне, але быў зарэгістраваны… у вёсцы Кушняры на
Берасцейшчыне. Справа ў тым, што ў Кушнярах нарадзіўся тата Дашкевіча, які вырашыў такім чынам выказаць пашану сваёй малой радзіме. Па нараджэнні сына, Дашкевічы вярнуліся ў Магадан і толькі праз 5
гадоў ужо назаўжды пераехалі ў Беларусь, у Старыя Дарогі.
Пасля школы Зміцер паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, аднак вучобу там не ўпадабаў — кінуў праз пару месяцаў. Пазней, перабраўшыся ў палітычны вір у Мінск, ён паступіў у
Віленскі педагагічны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці «беларуская філалогія». Праз арышт у 2007 годзе хлопец быў вымушаны перапыніць навучанне, але па выхадзе з
турмы ўсё ж такі атрымаў дыплом. Агулам на атрыманне вышэйшай адукацыі ў Дашкевіча пайшло часу нават болей, чым у медыкаў — каля 8 гадоў. Па спецыяльнасці Зміцер папрацаваць яшчэ не паспеў,
але не адмаўляе, што калі-небудзь пойдзе вучыць дзяцей роднай мове, і абавязкова ў вясковую школу.
Падручнік па англійскай мове — Біблія
Тыя, хто калі-небудзь быў у Дашкевіча ў гасцях, адзначаюць яго разнастайную бібліятэку з навуковых кніг — пераважна паліталагічных ды сацыялагічных, — якія не проста пыляцца на
паліцах, а актыўна чытаюцца і прапаноўваюцца для чытання гасцям.
Сацыялогія — гэта жарсць Змітра. Нават у турме, адбываючы двухгадовы тэрмін зняволення быццам бы за збіццё выпадковых мінакоў, Зміцер супрацоўнічаў з вядомым сацыёлагам Алегам Манаевым,
кіраўніком Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва). Дашкевіч і Манаеў супольна напісалі кнігу «Моладзь і грамадзянская супольнасць у Беларусі. Новае
пакаленне», якая выйшла ў 2011 годзе. Даследчыкі НІСЭПД прааналізавалі дзейнасць моладзевых арганізацый на прыкладах «Маладога фронту» ды БРСМ.
Зміцер Дашкевіч рыхтаваў выніковы аналітычны артыкул «Новае пакаленне Беларусі», які, праўда, выйшаў не зусім у такім выглядзе, як бачыў яго аўтар. Паводле нявесты Дашкевіча, Насты
Палажанкі, Змітру давялося дапрацоўваць артыкул ужо ў турме, што, насуперак спадзяванням, апынулася практычна не магчыма — турэмныя цэнзары рэдка прапускалі кіпы раздруковак з незразумелымі
азначэннямі ды лічбамі; у карцарах, дзе Дашкевіч правёў не адзін месяц, забаронена чытаць і пісаць.
У турме Зміцер вывучае англійскую мову, і вывучае сапраўды па-хрысціянску — па Бібліі! Ён карыстаецца двухмоўнай Бібліяй, на старонках якой англійскі тэкст выкладзены побач з рускім.
Канешне, хлопец не абыходзіцца і без спецыялізаваных падручнікаў ды… выкладчыка. Адна з адвакатак Змітра выдатна валодала англійскай мовай і нават у студэнцтве падпрацоўвала ў сталічнай
лінгвістычнай школе, а таму на сустрэчах з падабаронным нярэдка абмяркоўваліся не толькі юрыдычныя акалічнасці справы, але і асаблівасці ўжывання артыкляў ды няправільных дзеясловаў. Таму на будучых
занятках у школе Зміцер будзе вітацца з дзецьмі правільна, а не фразай: «Хаў а ю, дзеці?»
Міф пра беспрацоўных апазіцыянераў Дашкевіч таксама абвяргае. Прадавачкі на Чэрвеньскім кірмашы дагэтуль памятаюць беларускамоўную тройцу — Змітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча і Барыса
Гарэцкага (Дашык, Фінік і Бора, як называюць іх сябры), якія ў 2000-х гадах разносілі па кірмашы гарачую каву ды гарбату ў тэрмасах. Зімою Дашкевіч цягаў з Вільні баўлы з каляднымі цацкамі ды
прадаваў іх на мінскіх базарах. Пасля вызвалення ў 2008 годзе Зміцер Дашкевіч працаваў рэдактарам часопіса пры адной з беларускіх недзяржаўных арганізацый, а перад выбарамі ў 2010 годзе
вучыўся… усталёўваць жалезныя дзверы! «Мы пралічылі, што гэта не вельмі цяжкая, аднак прыбытковая справа, таму думалі нават рэгістравацца ІП. Грамадскай дзейнасцю грошай сумленна
не заробіш», — тлумачыць Наста Палажанка.
Цяпер Зміцер Дашкевіч жыве паміж камерай крытага тыпу і карцарам, таму да працы ў турме яго не прыцягваюць. Падчас мінулага зняволення хлопец, маючы хранічную хваробу спіны, працаваў на лесапавале.
Грошай, заробленых за паўтара года штодзённай турэмнай працы, хапіла толькі на некалькі кубкаў вакзальнай гарбаты ды простае печыва, якім ён частаваў сяброў, што прыехалі сустракаць яго з
калоніі.
Дашкевіч — Севярынцу: «Пайшоў ты са сваім загадам!»
Заснавальнік «Маладога фронту» Павал Севярынец прыгадвае, што падчас першага знаёмства са Змітром той яго… паслаў куды падалей. Гэтую забаўную гісторыю Севярынец
падрабязна апісаў у кнізе «Маладафронтаўцы»: «Мы пазнаёміліся ў камеры на Акрэсціна пасля Дня Волі–2002. Тады, пасля мітынгу з кветкамі і спевамі ля помніка Янку
Купалу, АМАП перакрыў выхады з парку, і арганізатары абвясцілі: разыходзімся. Маладафронтаўцы, якія не ўяўлялі сабе Дня Волі без шэсця, пратачыліся скрозь кардон, узнялі сцягі і павялі людзей
праспектам. Каля скрыжавання з Варвашэні (цяпер пр. Машэрава — Т. Ш.) да мяне падляцеў падпалкоўнік Гірэль: «Прыбярыце сцягі! Зараз выставім кардон; без сцягоў прапусцяць, з імі
— не! Будзе хапун!» І праўда, праз паўхвіліны ўпоперак праспекту пашыхтаваўся АМАП. Свята ўсё-такі ж, думаю. Усім, хто нясе сцягі, камандую: «Згортваем. Падымаем пасля
скрыжавання». Згарнулі амаль усе, і толькі наперадзе з самым вялікім палотнішчам працягвае ісці шараговы маладафронтавец Зміцер. «Згортвай сцяг!» — крычу яму. Ён
на секунду прыпыняецца, глядзіць на мяне яснымі вачыма: «Гэта не сцяг». «А што гэта?!» — «Гэта нацыянальная святыня!» І рушыць далей. На
Змітра шыкаюць усе вакол, Гірэль літаральна вісне на руках. «Загад згарнуць!» — раву яму на вуха. «Пайшоў ты са сваім загадам», — сцяўшы зубы і
падымаючы сцяг вышэй, адказвае Дашкевіч. Кардон пераходзіць у наступ. Змітра за рукі-ногі ледзь заносяць у аўтобус чацвёра здаравенных амапаўцаў… У той дзень усе расейскія тэлеканалы
паказвалі разгон дэманстрацыі. Дзясяткі мільёнаў даведаліся пра БНР, бачылі бел-чырвона-белы сцяг і яшчэ раз пачулі: «Жыве Беларусь!». У нашай камеры ўдзельнікі акцыі вырашылі
аднадушна: менавіта Зміцер Дашкевіч выратаваў Дзень Волі».
Старшынёй «Маладога фронту» Зміцер стаў у 2004 годзе (супольна з Сяржуком Бахуном). У моладзевай арганізацыі распачалася татальная рэфармацыя, на якую, паводле Паўла Севярынца, у
мінулага кіраўніцтва не хапала духу. Канешне, ніхто нікога не выключаў за ўжыванне алкаголю ці паленне, аднак з таго моманту сталі асабліва культывавацца не толькі дэмакратычныя прынцыпы, але і
хрысціянскія каштоўнасці. «Малады фронт» набыў новыя рысы, за якія цяпер яго часта называюць сектаю, а Дашкевіча — галоўным сектантам ды інквізітарам.
Асабіста даводзілася чуць, як Дашкевіч размаўляе з маладзёнамі, якія ставіліся абыякава да беларушчыны, негатыўна — да любых праяваў рэлігіі, аднак шчыра хацелі дзейнічаць на карысць
Беларусі. Зміцер Дашкевіч не цягнуў іх за руку ў царкву, не прымушаў размаўляць па-беларуску, не ўшчуваў за апухлы твар пасля ўчорашняй папойкі з сябрамі. Ён распавядаў пра сябе — пра тое,
як не любіў нацыянальную сімволіку да рэферэндуму ў 1996 годзе, калі быў прыбраны бел-чырвона-белы сцяг, — гэтая падзея зварухнула яго свядомасць. Пра тое, як смяяўся з веры ў Бога сваіх
сяброў-пратэстантаў. Пра тое, як па запрашэнні гэтых самых сяброў у першы раз прыйшоў у пратэстанцкую царкву «Ян Прадвеснік» (вернікам якой цяпер з’яўляецца), так бы
мовіць, з бадуна.
Гэтыя апавяданні былі асабліва каштоўныя, бо кожны разумеў — не святыя гаршчкі лепяць. Словы падмацоўваліся справамі. Зміцер часта нароўні з паплечнікамі ўдзельнічаў у маладафронтаўскіх
акцыях накшталт збору подпісаў ці вывешвання сцягоў, у якіх, падаецца, старшыні арганізацыі зусім неабавязкова браць удзел. Калі ў лістападзе 2008 года 18-гадовую Насту Палажанку затрымалі за
антыкамуністычную акцыю і нечакана адправілі на Акрэсціна (быў жа перыяд «лібералізацыі»), Зміцер у РАУСе пад зайздрослівыя позіркі міліцыянтак аддаў дзяўчыне сваё цёплае паліто, а
сам застаўся ў адной кашулі.
Чытач, напэўна, здзівіцца, што мы апусцілі гісторыю рамантычнага кахання Змітра Дашкевіча і Насты Палажанкі — пра гэта ўжо шмат напісана, дык і яны не любіць афішаваць свае стасункі. Разлуку
дапамагаюць перажываць штодзённыя ліставанні. Зміцер дасылае напісаныя каляровымі асадкамі лісты на квяцістай паперы ў капэртах, упрыгожаных налепкамі ды пяшчотнымі допісамі. Наста сканчае свае лісты
чырвонымі пацалункамі, зробленымі губной памадаю, ды пырскае на капэрты духі. Можна падумаць, што гэта перапіска закаханых пяцікласнікаў, калі не ведаць, што Змітру і Насце дагэтуль не дазволілі
пабрацца шлюбам, яны не бачыліся амаль 2 гады…
Яшчэ шмат чаго цікавага можна было б распавесці — пра любімае кацяня Леапольда, пра сад, пасаджаны хлопцам, пра шторанішнюю зарадку на вуліцы. Усё гэта часова сышло ў гісторыю. Цяпер зарадку
Зміцер Дашкевіч робіць у душнай камеры. Жвавы Леапольд за 2 гады без гаспадара ператварыўся ў лянівага ката. У гэтым годзе на дрэвах, пасаджаных Зміцерам Дашкевічам, упершыню з’явіліся
яблыкі. Ці хутка ён пакаштуе іх сам?