Аляксандр Ярашук: Для працоўных сённяшняя сітуацыя ў Беларусi не з’яўляецца крытычнай
У бліжэйшай перспектыве імавернасць таго, што беларускія працоўныя будуць удзельнічаць у нейкіх масавых акцыях пратэсту, даволі невялікая.
, ЕвроБеларусь
Такое меркаванне ў размове са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” выказаў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.
“Калі ўсё ж такі рэальна ацэньваць сітуацыю, то хутчэй за ўсё трэба разважаць пра тое, што наўрад ці сітуацыя саспела і сацыяльная напружанасць дасягнула такіх памераў, што працоўныя
краіны ў бліжэйшыя дні будуць ажыццяўляць нейкія масавыя акцыі пратэсту”, — сказаў ён.
“Зараз мы часцяком узгадваем падзеі красавіка 1991 года, калі абсалютна нечакана для грамадскасці былога Савецкага Саюзу менавіта ў Мінску адбыліся найбуйнейшыя
страйкі”, — нагадаў прафсаюзны лідар.
Аднак сённяшняя сітуацыя, заўважыў Аляксандр Ярашук, далёкая ад часоў распаду СССР: “Калі казаць пра нейкія параўнанні з тагачаснай сітуацыяй, то 1991 год — гэта быў час,
калі людзі перасталі баяцца і былі вольныя ў сваіх дзеяннях. Зараз існуе вялікі страх, прычым не толькі перад нейкімі палітычнымі рэпрэсіямі з боку спецслужбаў і ўсяго апарату беларускага рэжыму.
Ёсць яшчэ страх страціць працу, паколькі больш за 90% працоўных знаходзяцца на кароткатэрміновых кантрактах”.
Яшчэ адзін чыннік, які, на думку кіраўніка БКДП, з’яўляецца яшчэ больш важным, палягае ў тым, што сённяшняя сітуацыя для працоўных у значнай ступені не з’яўляецца
крытычнай.
Разам з тым, Аляксандр Ярашук заўважыў, што ўжо зараз можна казаць пра фармаванне тэндэнцыі на страту ўладамі кантролю за сацыяльна-палітычнай сітуацыяй у краіне. “І я думаю, што
сітуацыя наўрад ці калі-небудзь вернецца ў стан, у якім яна была ў снежні 2010 году. Бо не вырашаецца асноўнае пытанне — аб змене сацыяльна-эканамічнага курсу. Менавіта гэта і стала прычынай
цяжкага эканамічнага становішча ў 2011 годзе”, — нагадаў прадстаўнік прафсаюзнага руху.
Ён падкрэсліў, што трэнд пагаршэння эканамічнай сітуацыі робіцца сур’ёзным чыннікам магчымага росту незадаволенасці і сацыяльнай напружанасці. І ўлады гэта таксама разумеюць. Менавіта
таму, лічыць Аляксандр Ярашук, і ўжываюцца рэпрэсіі супраць
прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў на розных прадпрыемствах краіны.
Аднак ці не атрымаецца так, што на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі беларускія працоўныя зрэагуюць не страйкамі і пратэстамі, а ад’ездам за мяжу і пошукамі альтэрнатыўных шляхоў
выжывання?
“Думаю, што мы будзем назіраць у тым ліку і ад’езд працоўнай сілы за мяжу. І мы назіраем яго і зараз, — пагадзіўся Аляксандр Ярашук. — Прыкра тое,
што ад’язджаюць найбольш адукаваныя, мабільныя, маладыя і перспектыўныя людзі, якія тут не змаглі сябе рэалізаваць. Маладыя і адукаваныя ад’язджаюць збольшага ў заходнім напрамку, а
кадры масавых прафесій — будаўнікі, кіроўцы аўтамабіляў, нафтаперапрацоўшчыкі, энэргетыкі — у напрамку Расіі”.
Разам з тым, як адзначыў кіраўнік БКДП, “ніколі не будзе так, што адразу раптам усе з’едуць”. “Усё адно значная частка людзей застаецца тут. І мы
зараз таксама назіраем, што ў тым ці іншым месцы з нагоды нявыплаты заробкаў людзі пратэстуюць, адбываюцца нейкія стыхійныя акцыі. Гэта кажа пра тое, што сацыяльна-эканамічныя пытанні —
найбольш балючыя для працоўных. А палітычная сітуацыя чапляе шараговых рабочых значна меньш”, — падкрэсліў Аляксандр Ярашук.
Дмитрий Козловский eurobelarus.info