Аналітыкі прагназуюць далейшую рэцэсію ў Беларусі

Рэцэсія ў Беларусі ў 2016 годзе працягнецца, а ў 2017—2018 гадах у краіне чакаецца вялы эканамічны рост, прагназуюць аналітыкі расійскага "Ашчадбанка".



padenie_vvp_2453.jpg

Фота з сайта belapan.by
Вынікі працы беларускай эканомікі за студзень—кастрычнік, паводле меркавання расійскіх экспертаў, указвае на зніжэнне эканамічнай актыўнасці ў Беларусі "ва ўсіх галінах без выключэння". Нагадаем, ВУП Беларусі ў студзені—кастрычніку знізіўся на 3,9%. 


"Мы звязваем такое значнае скарачэнне эканомікі са зніжэннем як унутранага, так і знешняга попыту. Эканамічныя праблемы Расіі, асноўнага гандлёвага партнёра Беларусі, адбіліся на аб'ёмах пастаўленых тавараў і паслуг. Экспарт у Расію па выніках студзеня—верасня скараціўся на 33,6%", — гаворыцца ў эканамічным аглядзе Цэнтра макраэканамічных даследаванняў расійскага "Ашчадбанка". 


Аналітыкі "Ашчадбанка" канстатуюць, што зніжэнне ў Беларусі рэальных зарплат "з-за шматлікіх эканамічных шокаў працягваецца ўжо 16 месяцаў", і гэта ўжо адбілася на расходах насельніцтва. "Рост рознічнага тавараабароту вагаецца каля нулявой адзнакі на працягу ўсяго 2015 года", — адзначаюць аналітыкі "Ашчадбанка". 


Расійскія эксперты чакаюць, што ў будучым годзе беларуская эканоміка ўслед за расійскай будзе паступова аднаўляцца, аднак дынаміка ВУП будзе заставацца ў адмоўнай зоне. 


"У наступным годзе мы чакаем запаволення скарачэння эканомікі да мінус 1,1%. У аснову нашых прагнозаў мы закладваем паступовае аднаўленне попыту з боку Расіі", — тлумачаць свой прагноз аналітыкі "Ашчадбанка". 


У сярэднетэрміновай перспектыве расійскія эксперты чакаюць вялы эканамічны рост у Беларусі. 


"Драйвераў, здольных вывесці беларускую эканоміку на траекторыю ўстойлівага эканамічнага росту, мы цяпер не бачым. Наш асноўны сцэнарый: анемічны рост да 2018 года ўключна", — прагназуюць аналітыкі расійскага "Ашчадбанка". 


Як паведамлялася раней, афіцыйны прагноз на 2016 год прадугледжвае рост ВУП Беларусі ўжо ў будучым годзе на 0,3%. 


Беларускія ўлады разлічваюць, што забяспечыць выхад эканомікі з рэцэсіі дазволіць у будучым годзе рост экспарту. Афіцыйны прагноз на будучы год прадугледжвае рост экспарту тавараў і паслуг на 3,5% у 2016 годзе. Нагадаем, у студзені—верасні экспарт беларускіх тавараў і паслуг скараціўся на 24,6%.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН