Апубліканы ліст са схемай бязмытнага экспарту расійскай нафты
Шведы апублікавалі ліст, якім былы віцэ-прэм’ер Сямашка прыкрываў схему бязмытнага экспарту расійскай нафты.
Журналісты Шведскага радыё апублікавалі ліст былога першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімера Сямашкі, у якім ён умешваецца ў следства Мытнай службы, каб прыкрыць схему бязмытнага вывазу расійскай нафты з Беларусі ў 2007 годзе.
Шведскія журналісты выйшлі на былога агента беларускага КДБ Андрэя Моўчана, які распавёў ім пра следства ў справе вывазу расійскай нафты з Беларусі пад фальшывай маркіроўкай, каб пазбегчы выплаты мыта. Адным з дакументаў, паказаных Моўчанам, з’яўляецца ліст Сямашкі Аляксандру Лукашэнку, у якім намеснік кіраўніка беларускага ўраду ставіць пад сумнеў вынікі следства беларускіх мытнікаў і ўшчувае іх за тое, што пробы затрыманай партыі расійскай нафты яны перадалі для вывучэння ў расійскую лабараторыяю.
Паводле шведскіх журналістаў, схема бязмытнага вывазу расійскіх нафтавых прадуктаў з Беларусі была наступнай: расійскі нафтапрадукт, гэтак званы «лёгкі дыстылят», які падлягаў абкладанню мытам, вывазная фірма маркіравала ў Беларусі кодам 3811 як «Эколон-370», то бок як бязмытны прадукт. «Эколон-370» у Эстоніі атрымліваў код 2710 і назву «расійскі неэтылаваны бензін» і як такі вывозіўся ў заходнюю Еўропу на продаж у Антверпене.
Шведскія журналісты з’вяртаюць увагу, што ў сваім лісце Сямашка спасылаецца на заключэнне беларускай вайсковай лабараторыі, з якога нібыта вынікае, што затрыманы мытнікамі нафтапрадукт не падлягаў абкладанню мытам. Са свайго боку журналісты сцвярджаюць, што бачылі дакумент, з якога вынікае, што і згаданая беларуская вайсковая лабараторыя пацвердзіла падазрэнні мытнікаў наконт кантрабанды расійскіх нафтапрадуктаў.