Банкіры прагназуюць у гэтым годзе дэвальвацыю ў 15%

Курс долара будзе расці прыкладна на 120 рублёў у месяц, дэвальвацыя рубля ў бягучым годзе можа скласці каля 15%. Такі прагноз прыводзіцца ў вераснёўскім макраэканамічным аглядзе «БСБ Банка».



belrub_valiuta.jpg

«Пры захаванні бягучай тэндэнцыі на паслабленне беларускага рубля ў дачыненні да долара на 100-120 рублёў у месяц на канец года курс складзе 10.880 — 10.950 рублёў за долар. Такім чынам, плыўная дэвальвацыя рубля па выніках 2014 не перавысіць значэння ў 15%», — гаворыцца ў макраэканамічным аглядзе, паведамляе БелаПАН.

Эканамісты банка нагадваюць, што па выніках першых васьмі месяцаў дэвальвацыя беларускага рубля да долара склала 8,5%, да еўра — 5,66% і 4,77% — да «кошыку валют».

Варта адзначыць, што Нацбанк лічыць немэтазгодным паскарэнне тэмпаў дэвальвацыі беларускага рубля. Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Калечыц падчас апошняга пашыранага пасяджэння праўлення банка, «больш хуткая дэвальвацыя беларускага рубля можа прывесці да значных курсавых страт, супастаўных і нават перавышаючых станоўчы эфект ад павелічэння экспартнай выручкі». «Абраная тактыка паступовага руху па рынках дазваляе абменнаму курсу, з аднаго боку, рэагаваць на знешнія шокі, згладжваючы негатыўныя эфекты для знешняга гандлю, а з другога — абмяжоўваць інфляцыю і падтрымліваць стабільнасць на ўнутраных дэпазітным і валютным рынку», — падкрэсліў Калечыц.

Між тым рост афіцыйнага курсу долара ў верасні некалькі паскорыўся.

Згодна з прагнозам Нацбанка ў 2014 годзе абменны курс беларускага рубля ў дачыненні да долара знізіцца на 12-13%. Паводле інфармацыі БелаПАН, такі прагноз Нацбанк зацвердзіў у чэрвені ў рамках рашэнні па рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі да канца года.

Разам з тым Міжнародны валютны фонд, місія якога знаходзілася вясной гэтага года ў Мінску, рэкамендаваў Нацбанку праводзіць больш гнуткую курсавую палітыку.