БДУ істотна павышае кошты на навучанне. Другі раз за год
З 1 сакавіка Беларускі дзяржаўны універсітэт павышае кошт навучання, паведамілі TUT.BY у прэс-службе ВНУ.
Гэта ўжо другое павышэнне за год. Яго мэта — «прывесці кошты на навучанне ў адпаведнасці з выдаткамі на яго», адзначылі ў прэс-службе. На розных факультэтах і спецыяльнасцях БДУ кошт навучання павысіўся ў сярэднім на 12 працэнтаў, а гэта каля 400-500 рублёў у год.
У папярэдні раз кошт навучання ў БДУ павышаўся перад пачаткам навучальнага года, у ліпені 2019-га. Тады цэны для студэнтаў павялічыліся ў сярэднім на 300 рублёў.
Названыя сумы студэнты плацяць толькі за першыя тры гады навучання. На апошнім, чацвёртым, курсе, кошт крыху ніжэйшы.
Загад аб чарговым павышэнні кошту рэктар БДУ Андрэй Кароль падпісаў 17 лютага 2020 года. Для студэнтаў, якія не аплацілі навучанне да канца года, будзе праведзены пераразлік па ўжо новых коштах.
Тэлеграм-канал «Адлічана» зазначае, што «многія студэнты наогул даведаюцца гэтую інфармацыю па чутках з іншых факультэтаў. Нармальная схема ў БДУ — павысіць цану пасярод семестра (не першы раз, дарэчы), не паведаміць пра гэта студэнтам (на сайце універсітэта стары прайс), садраць розніцу заднім чыслом».
Таксама канал паведамляе, што кошты на навучанне падняліся ў БДЭУ і ў Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя Пушкіна.