«Беларусбанку» загадана «дараваць» даўгі пяці прадпрыемствам
Саўмін Беларусі загадаў «Беларусбанку» спісаць даўгі пяці прадпрыемстваў па крэдытах, выдадзеных пачынаючы з 2009 года, вынікае з пастановы №98 ад 19 лютага 2021 года.
Згодна з дакументам, ЗАТ «АСБ-Агра наватар», КУП «Эксперыментальная база Тулава», ААТ «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў», сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемствам «Ліпаўцы» і «Лоўжанскае» даруюць даўгі на агульную суму 17,857 млн.рублёў, уключаючы асноўны доўг па крэдытах, налічаныя і пратэрмінаваныя працэнты, пені і штрафныя санкцыі, а таксама натарыяльныя штрафы, піша АФН.
«Вызначыць пазіцыю прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк” аб вызваленні (названых прадпрыемстваў. — АФН) ... ад маёмаснага абавязку па пагашэнні запазычанасці па крэдытных дамовах згодна з дадаткам», — сказана ў дакуменце.
У выніку «Беларусбанк» нібыта па ўласным жаданні спіша даўгі амаль на 7 мільёнаў долараў і пакрые страту за кошт сфармаваных рэзерваў.