Бізнес-саюзы канстатуюць нарастанне праблем у эканоміцы
Бізнес-саюзы занепакоеныя адсутнасцю дыялогу ў грамадстве і нарастаннем праблем у эканоміцы. На сумесным пасяджэнні Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП) і праўлення Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў (БСПН) імя прафесара М. С. Куняўскага прынята рашэнне падняць пытанне аб эканамічнай сітуацыі ў краіне і мерах па яе стабілізацыі на пасяджэнні Нацыянальнага савета па сацыяльных і працоўных пытаннях.
РСПП і БСПН ужо звярталіся ва ўрад у жніўні, аднак гэтыя звароты былі праігнараваныя. Саюзы хочуць дамагацца перафарматавання Нацыянальнага савета, дзе пераважаюць галасы дзяржавы і праўладных прафсаюзаў, хоць у прыватным сектары ўжо занятая палова працоўнай сілы.
РСПП і БСПН канстатуюць, што эканоміка краіны знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Яе стабілізацыя залежыць ад рашэнняў, накіраваных на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату, зніжэнне фіскальнай нагрузкі, дадатковых гарантый прыватнай уласнасці.
«Патрабуюцца неадкладныя меры і дзеянні па аднаўленні дыялогу і зніжэнні сацыяльнай напружанасці ў грамадстве з дапамогай выпрацоўкі “дарожнай карты”, уключаючы правядзенне эканамічных і палітычных рэформаў», — гаворыцца ў заяве саюзаў.
Яны таксама маюць намер прыступіць да стварэння рэспубліканскага аб’яднання наймальнікаў арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці на базе шматгаліновых і галіновых бізнес-саюзаў і асацыяцый з мэтай каардынацыі і ўмацавання сваіх пазіцый у сістэме сацыяльнага партнёрства.
Паводле REFORM.by