Чыгуначныя квіткі будуць падобнымі да чэкаў

Беларуская чыгунка з кастрычніка гэтага года змяняе знешні выгляд квіткоў на цягнікі.

novyj_bilet_3.jpg

Квіткі будуць выглядаць больш проста і танна — гэта датычыцца міжрэгіянальных ліній і рэгіянальных ліній бізнес-класа.

Зрэшты, у прэс-цэнтры Беларускай чыгункі паспрабавалі распавесці пра перавагі новых праязных дакументаў.

Журналістам растлумачылі, што БЧ пераходзіць на новую тэхналогію афармлення праязных дакументаў і будзе выкарыстоўваць іншыя машыны, якія друкуюць білеты. Пасажыраў супакойваюць, што інфармацыя на новых квітках стане больш зразумелай і нагляднай, а самі праязныя дакументы — больш трывалымі, «паколькі будуць друкавацца на тэрмапаперы, шчыльнасць якой значна вышэйшая за тую, што выкарыстоўваюць у гандлёвых сетках».


Так гэта ці не, сказаць цяжка, аднак паведамляецца, што выгляд білетных бланкаў на міжнародныя цягнікі застанецца ранейшым.

Адметна, што БЧ сцвярджае: пасажыр можа выбраць, на якой мове будзе аформлены квіток — беларускай ці рускай.

Новая форма квіткоў будзе ўводзіцца паступова. Спачатку яны з’явяцца на вакзалах станцый Брэст, Магілёў, Асіповічы і Пінск, пазней — і ў іншых пунктах продажу квіткоў БЧ.

На час пераходнага перыяду будуць існаваць паралельна  дзве формы білетаў — новая і традыцыйныя бланкі.

Паводле hwww.rw.by