Дапамога на пахаванне ўпала больш чым на 180 рублёў
З 1 сакавіка скарацілася дапамога на пахаванне: цяпер выплаты складаюць 1290 рублёў. Гэтая сума на 184,6 рубля менш, чым месяцам раней. Інфармацыю пра гэта размяшчаюць на сайтах райвыканкамаў. Скарачэнне памеру дапамогі звязана з падзеннем сярэдняга заробку па краіне.
Памер дапамогі на пахаванне залежыць ад сярэдняй зарплаты па краіне. Ён раўняецца зарплаце за пазамінулы месяц (гэта значыць, двума месяцамі раней адносна месяца смерці).
У студзені сярэдняя зарплата знізілася на 184,6 рубля і склала 1290 рублёў. На столькі ж упала і дапамога на пахаванне ў сакавіку. Новы памер выплат будзе дзейнічаць да гэтага месяца. Для параўнання: у лютым дапамога на пахаванне была 1474,6 рубля, а ў студзені — 1300,5 рубля.
Дапамогу на пахаванне прызначаюць, калі па яе звярнуліся не пазней чым за шэсць месяцаў з дня смерці.
Пры гэтым у выпадку смерці інваліда ВАВ, асобы, якая атрымлiвала пенсiю за асаблівыя заслугі перад рэспублікай, дапамога на пахаванне выплачваецца ў памеры двухмесячнай сумы прызначанай яму пенсіі, але не менш за сярэднюю заработную плату работнікаў у рэспубліцы за пазамінулы месяц адносна месяца наступлення смерці, удакладняюць у ФСАН .
Да прыкладу, у Мінску за 2020 год з бюджэту ФСАН было выплачана 20 238 дапамог на пахаванне, паведамілі раней у гарадскім упраўленні фонду. Для параўнання: у сувязі з нараджэннем дзіцяці выплацілі за мінулы год 21 809 дапамог.
На якія яшчэ выплаты ўплывае памер сярэдняй зарплаты
Да сярэдняй зарплаты прывязаныя таксама такія выплаты, як дапамога на дзяцей да 3 гадоў, памер якой цяпер пераглядаюць двойчы ў год — 1 лютага і 1 жніўня.
Рост гэтых выплат залежыць ад таго, як змянілася сярэдняя зарплата па краіне за папярэдні квартал. Калі сярэдні заробак падае або не змяняецца, то памер дапамогі застаецца на ранейшым узроўні, а калі расце, то следам падымаюць і дапамогі. Гэта значыць, падзення памеру гэтых выплат, як у выпадку з дапамогай на пахаванне, не прадугледжана.
tut.by