Дзяржава прадасць з аўкцыёна акцыі чатырох банкаў

Дзяржаўны камітэт па маёмасці выставіў для продажу на аўкцыёнах Беларускай валютна-фондавай біржы акцыі васьмі акцыянерных таварыстваў, у тым ліку чатырох банкаў, паведамляецца на сайце камітэта.



auctsion.jpg

У прыватнасці, на продаж выстаўлены пакеты акцый Тэхнабанка, БПС-Ашчадбанка, Банка БелЗЭБ і Прыёрбанка, перадае Sputnik.

Як адзначаецца на сайце ДКІ, акцыі Тэхнабанка будуць прадавацца па цане 9.870 рублёў за адну простую акцыю, усяго на продаж выстаўлена 3 мільёны 836 тысяч184 акцыі, што адпавядае 8,03% статутнага фонду банка.

Таксама на продаж выстаўляецца 1.280 акцый БПС-Ашчадбанка, (0,000087% статутнага фонду), кошт адной каштоўнай паперы складзе 3.318 тысяч рублёў.

З аўкцыёну таксама будуць прададзеныя 4.380 акцый Банка БелЗЭБ (0,000037% статутнага фонду) па цане 378 рублёў за адну акцыю.

Самымі дарагімі будуць акцыі Прыёрбанка — на продаж выстаўлена 430 простых акцый акцыянернага таварыства (0,00035% статутнага фонду), цана адной простай акцыі складзе 29.085 рублёў.

Акрамя таго, на продаж выстаўляюцца 17,6% акцый ААТ «Завод Этон», 0,95% статутнага фонду ААТ «Мінскі лакафарбавы завод», 0,02% — ААТ «Дзвіна-Лада», 8,1% — ваўкавыскага ААТ «Кантакт».

У паведамленні ДКІ адзначаецца, што аўкцыёны па продажы гэтых пакетаў акцый будуць праводзіцца 22 снежня ў рэжыме таргоў «просты аўкцыён» праз гандлёвую сістэму БВФБ. Гэтыя акцыі дзяржава атрымала пасля канфіскацыі.