Эксперты наконт чаканага Нацбанкам курса долара 19350 да канца года: “Гэта няўдалы прагноз”

Да канца 2016 курс долара ў Беларусі, на думку ўладаў, можа скласці 19 350 рублёў. Такую ацэнку даў Нацбанк падчас вызначэння асноўных напрамкаў курсавай палітыкі на будучы год.



fullscreen_capture_07_12_15_153835.jpg

Фота з сайта euroradio.fm

Мяркуецца, што курсавая палітыка застанецца гнуткай. Абменны курс у 2016 годзе, як і сёлета, будзе вызначацца на падставе попыту і прапановы валют на ўнутраным рынку. Нацбанк плануе, што валютныя таргі на біржы ў наступным годзе будуць праходзіць у рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну. Акрамя таго, Нацбанк плануе мінімізаваць валютныя інтэрвенцыі. Прадаваць валюту на біржы галоўны фінансавы рэгулятар плануе толькі дзеля недапушчэння рэзкіх ваганняў катыровак валют.

Але эканаміст Леанід Злотнікаў называе прагноз Нацбанка няўдалым. Кажа, што гэта проста немагчыма — прагназаваць курс на год наперад з дакладнасцю ў 50 рублёў:

“Ведаеце, мне падаецца, што такі прагноз, ён няўдалы. Бо прагноз можна даць толькі ў нейкім інтэрвале. А з дакладнасцю да 50 рублёў… Гэта ўсё ў вобласці фантазіі”.

Праўда, аналітыкі фінансавага рынку мяркуюць, што да канца 2016 года курс долара ў краіне дасягне 20-20,5 тыс. рублёў (з улікам дэнамінацыі, запланаванай на сярэдзіну года — 2-2,5 рубля).

Пры гэтым эксперт дапускае, што ўтрымаць курс долара ў межах 20 тысяч рублёў — цалкам рэальна. Праўда, для гэтага трэба альбо знайсці грошы (каля 3,5 мільярда долараў), альбо скараціць і без таго невялікія прыбыткі насельніцтва:

“Калі ў краіну будзе паступаць валюта, то можна ўтрымаць курс. Альбо калі гэтага не будзе, трэба зніжаць прыбыткі насельніцтва. Значна зніжаць, дзесьці на 15%. Тады таксама можна курс утрымаць. Але будзе гэта, альбо не будзе — сказаць цяжка. Разумееце, цяпер вельмі няўстойлівая сітуацыя ў свеце і вакол нас”, — перакананы Злотнікаў.

Так што, можна спадзявацца на крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду. Беларусь акурат запрасіла ў яго тры мільярды. Яшчэ адзін варыянт — прадаць “Беларуськалій” ці “Гроднаазот”. Праўда, у цяперашнія часы гэта будзе зрабіць вельмі няпроста.

Калега Леаніда Злотнікава, эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што, публікуючы прагнозы, урад і Нацыянальны банк проста пускаюць пыл у вочы вышэйшаму кіраўніцтву краіны.

“Думаю, гэта ўтапічны прагноз. Яго з’яўленне звязанае з тым, што ўрад і Нацыянальны банк хочуць стварыць у кіраўніка краіны ілюзію, быццам вельмі добра ведаюць, што робяць. І што таму ў іх усё пад кантролем. Гэта моцна нагадвае сітуацыю 2010-га года, пасля чаго была дэвальвацыя. Альбо 2014-ы год, калі ўсе чыноўнікі ў адзін голас гаварылі пра стабільнасць”, — перакананы Раманчук.

З іншага боку, і з прагнозам курса памерам у 19350 рублёў таксама не ўсё проста. У Нацбанку прызнаюць, што усе афіцыйныя прагнозныя параметры на будучы год будуюцца на дапушчэнні, што сярэдні кошт нафты на сусветным рынку складзе 50 долараў за барэль, а курс долара ў Расіі 63 расійскія рублі. А гэта яшчэ віламі па вадзе пісана.

euroradio.fm