Феерычныя саюзныя правалы

«Саюзны тэлевізар» — толькі адна з шэрагу праграм Саюзнай дзяржавы. Іншыя былі менш гучнымі. На іх выдаткоўваецца каля 90% саюзнага бюджэту. Але большасць праграм нельга назваць асабліва паспяховымі. А вось правальныя — ёсць.

starye_televizory.jpg

Нядаўна холдынг «Гарызонт» паведаміў пра распрацоўку новага сучаснага тэлевізара. «Мы разлічваем стварыць сучасны беларускі тэлевізар, які не будзе саступаць «Sony» па функцыяналу і якасці, — сказалі прадстаўнікі холдынгу. — «Гарызонт» вырабляе недарагія тэлевізары для масавага спажыўца, але мы хочам, каб у нашай лінейцы з'явіліся і мадэлі больш высокага ўзроўню».

Яшчэ ў верасні 2016-га было абвешчана, што японская карпарацыя «Panasonic» арганізуе ў Беларусі зборачную вытворчасць тэлевізараў. Вытворчасць арганізаваная па прынцыпе кантрактнай зборкі, на базе «Гарызонту». Сёння беларускія «Панасонікі» ўжо пастаўляюцца на расійскі рынак.

Варушыцца і віцебскі «Віцязь», які наладзіў у сябе буйнавузлавую зборку тэлевізараў з кітайскіх блокаў. Усё гэта — спробы адрадзіць у Беларусі ўласную вытворчасць тэлевізараў. Адрадзіць — таму што ў нейкі момант гэтая вытворчасць цалкам спынілася. Адбылося гэта ў кастрычніку 2015-га, калі беларускія прадпрыемствы выпусцілі роўна 0 (нуль) тэлевізараў.

Як крах беларускай тэлеіндустрыі стаўся магчымы пасля беларуска-расійскай праграмы «Саюзны тэлевізар», задачай якой было, наадварот, нарасціць выпуск тэлевізараў на заводах Расіі і Беларусі?


Нізкі старт

Напрыканцы 1990-х гадоў дэпутат расійскай Дзярждумы, чалец Камісіі па эканамічнай палітыцы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, у мінулым інжынер-радыёэлектроншчык з дваццацігадовым стажам Анатоль Локаць прапанаваў даць штуршок развіццю эканомікі СД праз масаваю вытворчасць сучасных тэлевізараў. «У свеце існуе мноства прыкладаў таго, як высілкі, скіраваныя на выпуск нейкіх спажывецкіх тавараў — аўтамабіляў, жылля, якаснага шырспажыву — дапамагалі краінам пераадолець эканамічныя цяжкасці», — тлумачыў ён сваю пазіцыю.

Так нарадзілася праграма «Саюзны тэлевізар», якая была зацверджаная ў 1998-м (з бюджэтам 300 мільёнаў расійскіх рублёў), а яе рэалізацыя пачалася ў 1999 годзе. У якасці дзяржзаказчыкаў выступілі Расійскае агенцтва па сістэмах кіравання (РАСУ) і Міністэрства прамысловасці РБ. З расійскага боку ў праграме ўдзельнічалі Цэнтральная кампанія МФПГ «Электронныя тэхналогіі» (галаўны выканаўца), наўгародскае вытворчае аб'яднанне «Квант», маскоўскі завод «Рубін», Маскоўскі навукова-даследчы тэлевізійны інстытут (МНИТИ), ААТ «Расійская электроніка» і завод імя Казіцкага (Санкт-Пецярбург). З беларускага боку ў праграму ўвайшлі мінскія ВА «Гарызонт», НВА «Інтэграл» і віцебскае ВА «Віцязь». Праграма фінансавалася з бюджэту Саюза Расіі і Беларусі (пераважна), а таксама з уласных сродкаў прадпрыемстваў.

Да 1998 года ў Расіі вытворчасць тэлевізараў наблізілася да нуля. У беларусаў справы ішлі нашмат лепш дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Указам Лукашэнкі «Гарызонт» і «Віцязь» атрымалі шматлікія палёгкі: былі адтэрмінаваныя выплаты крэдытаў, на некаторы час адменены ПДВ, дазволены бязмытны ўвоз камплектуючых. Як вынік, тэлевізійная галіна прамысловасці не спыняла працу. Прадпрыемствы знізілі выпуск тэлевізараў да 400 тысяч апаратаў на год, але сам тэхналагічны ланцужок працягваў працаваць.

У гэтай сітуацыі расійскія прадпрыемствы былі зацікаўленыя ў кааперацыі з беларускімі калегамі для адраджэння сваёй тэлевізійнай вытворчасці. А фінансаваць гэта адраджэнне павінен быў бюджэт Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, коштам сродкаў праграмы «Саюзны тэлевізар» Наўгародскі завод «Квант» («Садко») і санкт-пецярбургскі імя Казіцкага («Вясёлка») аднавілі вытворчыя лініі, набылі новае абсталяванне, то бок цалкам перааснасціліся. Частка грошай перапала і беларускім «Гарызонту» ды «Віцязю».

Вылучаныя сродкі дазволілі «Гарызонту» практычна падвоіць выпуск прадукцыі. У 2001 годзе нашы тэлевізары займалі на ўнутраным рынку Беларусі і Расіі прыкладна 30% (у сярэдзіне 1990-х гадоў гэтая лічба складала 3–5%). Адпаведна, на першым этапе праграма рэалізоўвалася адносна паспяхова. Як распавёў «Новаму Часу» генеральны дырэктар міждзяржаўнай фінансава-прамысловай групы «Электронныя тэхналогіі» Уладзімір Вярбіцкі, у межах праграмы ў 2000 годзе было выпушчана 676,3 тысячы тэлевізараў. Гэта значыць, з 1998 года аб’ёмы вытворчасці выраслі ў 1,43 разы. Але ўжо ў першым паўгоддзі 2001-га прадпрыемствы, што ўдзельнічалі ў праграме, выпусцілі на 30 тысяч тэлевізараў менш запланаванай колькасці з-за перабояў з пастаўкамі кінескопаў.

Тады ж — у 2001-м — пачалося ўзгадненне праграмы «Саюзны тэлевізар–2» на 2002–2006 гады, з бюджэтам каля 20 мільёнаў долараў. Меркавалася, што праз два-тры гады гэтая праграма акупіць сябе, а яе рэалізацыя дазволіць стварыць каля ста тысяч працоўных месцаў: на тэлевізійных заводах, на іх прадпрыемствах-партнёрах, у рамонтных майстэрнях, у крамах.

Аднак на замену кінескопным тэлевізарам прыйшлі плоскапанэльныя (плазменныя і LCD), пачаўся пераход на лічбавае вяшчанне. Кітайскія і іншыя азіяцкія вытворцы адрэагавалі імгненна — у адрозненне ад прадпрыемстваў Беларусі і Расіі.


hqdefault_6.jpg


Пераможны прагматызм

Праграма «Саюзны тэлевізар–2» так і не пабачыла свет. Расійскія вытворцы зразумелі, што нашмат больш выгадна ствараць у сябе зборачныя вытворчасці замежных брэндаў. Калі ў 2004 годзе ў Расіі прадавалася каля 40% тэлевізараў, вырабленых у Расіі сусветнымі брэндамі, дык у 2005 годзе — ужо 70%. Экспарт беларускіх тэлевізараў на расійскі рынак хутка абваліўся. З 2010-га ўжо вырабленыя ў Расіі тэлевізары запоўнілі беларускі рынак.

Два яркія прыклады таго, як развальваўся «Саюзны тэлевізар», — гісторыі маскоўскага заводу «Рубін» і беларускага «Гарызонта». «Рубін», які нароўні з «Гарызонтам» быў ключавым удзельнікам праграмы «Саюзны тэлевізар», з 1997 года кантраляваў выхадзец з Беларусі Аляксандр Міляўскі. Грошы на прыватызацыю «Рубіна» ён зарабіў на перапродажы заходняй электронікі ў Расіі.

У 1999 годзе Міляўскі перанёс тэлевізійную вытворчасць у Варонеж, а ў 2003 годзе прадаў яе кампаніі «Rolsen». З тых часоў ААТ «МТЗ «Рубін» займаецца выключна кіраваннем камерцыйнай нерухомасцю і дэвелапментам (валодае гандлёвым цэнтрам «Горбушкин двор» і офісным цэнтрам). Характэрна, што «Рубін» у розныя гады ўзначальваў экс-прэм'ер Беларусі Уладзімір Ярмошын, а затым (і да гэтага часу) — экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Урал Латыпаў.

«Гарызонт» яшчэ ў 2004 годзе пачуваўся досыць упэўнена. У яго спрабавалі інвеставаць «Panasonic» і «Sony», але Лукашэнка асабіста адмовіўся ад такіх інвестыцый.

Праз 12 гадоў былы прамысловы лідар стаў фактычна бездапаможным. Вось толькі некаторыя дадзеныя Белстата. У 2012 годзе ў Беларусі было выпушчана 594 тысячы тэлевізараў, у 2014-м — 92 тысячы, у 2015-м — 22 тысячы.

У самім холдынгу сітуацыю тлумачаць выключна эканамічнымі чыннікамі: «Нават калі мы будзем закупляць самыя танныя кітайскія камплектуючыя, сітуацыю гэта не выправіць. Па-першае, галоўнае ў кошце — гэта LCD-панэль, а спіс іх вытворцаў вельмі малы, яны трымаюць кошты. Па-другое, мы па аб'ёме вытворчасці ўсё роўна не можам параўнацца з LG, Samsung, Supra або Philips. У іх прынцыпова іншыя аб'ёмы, у іх зборка па ўсім свеце, а таму сабекошт на адзінку прадукцыі ніжэй. Нарэшце, нам прыходзіцца на сабекошт вешаць усю сацыялку, усе пустуючыя цэхі і прастойваючыя магутнасці. Так што якімі б нізкімі ні былі зарплаты нашых працаўнікоў, кошт на беларускія «Гарызонты» ўсё роўна будзе неканкурэнтаздольны».

Іншыя саюзныя праграмы

Натуральна, «Саюзны тэлевізар» — толькі адна з шэрагу праграм Саюзнай дзяржавы. Іншыя праграмы папросту былі менш гучнымі. Пры тым на іх выдаткоўваецца каля 90% сродкаў саюзнага бюджэту. Але большасць праграм нельга назваць асабліва паспяховымі. А вось правальныя — ёсць.

Напрыклад, не далі плёну праграмы «Развіццё і ўкараненне ў дзяржавах — удзельніцах Саюзнай дзяржавы навукаёмістых кампутарных тэхналогій на базе мультыпрацэсарных вылічальных сістэм», «Распрацоўка нанатэхналогій стварэння матэрыялаў, прылад і сістэм касмічнай тэхнікі і іх адаптацыі да іншых галін тэхнікі і масавай вытворчасці», «Распрацоўка і стварэнне новага пакалення мікрасістэматэхнікі і ўніфікаваных інтэграваных сістэм падвойнага прызначэння на яе аснове», «Распрацоўка і засваенне серый інтэгральных мікрасхем і паўправадніковых прыбораў для апаратуры адмысловага прызначэння і падвойнага ўжывання».

Па ўсіх пералічаных праграмах грошы наўпрост марнаваліся. Праблема ў тым, што ва ўсіх выпадках прафінансаваныя з бюджэту СД тэхналогіі ўсё адно адставалі ад аналагічных замежных тэхналогій — як па кошце, так і па дасканаласці. А таму папросту не здолелі выйсці на рынкі, знайсці спажыўцоў і хаця б акупіцца. Праўда, не вядома, ці ставілася наогул для гэтых праграм такая мэта.