Качанава: Усім у Мінску па 700!
Дасягнуць у снежні сярэдняй зарплаты ў 700 долараў і "дашліфаваць парадак у Мінску" запатрабавала кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта.
Перад кіраўніцтвам Мінска пастаўлена задача дасягнуць у снежні сярэдняй зарплаты ў 1.385 рублёў (каля 700 долараў па цяперашнім курсе. — БелаПАН.). Пра гэта заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава 14 жніўня на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.
Паводле яе слоў, "трэба не толькі выйсці ў снежні на гэты параметр, але і ўтрымаць яго". "Пастаўлена задача да 1 кастрычніка прыняць абноўлены дэкрэт № 3. Акцэнт пераносіцца на мясцовыя органы ўлады. Вы павінны адсачыць кожнага чалавека, скласці вывераныя спісы — прапаноўвайце людзям працу, дапамагайце ім з працаўладкаваннем", — цытуе Качанаву дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Качанава падкрэсліла, што жорсткае патрабаванне з кіраўнікоў сталіцы будзе за выкананне прагнозных паказчыкаў па працаўладкаванні на новыя працоўныя месцы, росце заработнай платы і прыцягненні прамых замежных інвестыцый. "Усе пытанні, якія тычацца працы прадпрыемстваў і арганізацый, пытанні, ад якіх залежыць жыццё людзей на тэрыторыях, павінны вырашацца адказна і аператыўна. Прагнозныя паказчыкі ў сталіцы павінны быць забяспечаны, трэба прыняць для гэтага ўсе неабходныя меры", — сказала яна.
Качанава таксама звярнула ўвагу на неабходнасць "дашліфаваць парадак у Мінску". "Да ўтрымання тэрыторый у цэнтры сталіцы, як паказаў аб`езд, пытанняў няма. Чаго не скажаш пра дваровыя тэрыторыі на ўскраінах. Усе, хто прыязджае ў Мінск, адзначаюць, што горад прыгожы і чысты. Але трэба парадак дашліфаваць — ёсць праблемныя месцы", — заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.
Чыноўніца зрабіла акцэнт на аб`ектах незавершанага будаўніцтва: "Вазьміце сітуацыю на кантроль — пытанні трэба аператыўна вырашаць, зацягваць з гэтым нельга".
На яе думку, выкананне пастаўленых Мінску задач рэальнае, паколькі "патэнцыял у сталіцы значны". "Пастаўлена задача — выконвайце, даводзьце да лагічнага завяршэння", — заявіла Качанава. Яна падкрэсліла, што ў краіне "выбудаваная нармальная, сур`ёзная праца па ўсёй вертыкалі".
Паводле звестак Белстата, у чэрвені сярэдняя намінальная налічаная зарплата па краіне склала 819,3 рубля. Сярод рэгіёнаў найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата ў чэрвені традыцыйна была зафіксавана ў Мінску — 1.089 рублёў (каля 560 долараў па цяперашнім курсе).
Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня заявіў аб тым, што прадпрыемствы з нізкай зарплатай неабходна ў 2018 годзе падцягнуць да ўзроўню 1 тыс. рублёў. Калі гэта будзе выканана, то сярэдняя зарплата па краіне ў наступным годзе можа дасягнуць 1,5 тыс. рублёў. "Трэба стабільна выходзіць на сярэднюю зарплату, і у 2018 годзе самую нізкую падцягваць да ўзроўню сярэдняй", — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН