Свята Краіны агнёў у цэнтры Мінска

Сёння на плошчы Свабоды ў Мінску праходзіць Свята азербайджанскай культуры. У перакладзе «азер» азначае «полымя», і народ Азербайджана такі ж — гарачы, яркі і свабодалюбны.

2_49_logo.jpg

На тэрыторыі Верхняга горада будзе гучаць азербайджанская музыка, госцяў сталіцы і мінчукоў чакаюць запальная лезгінка і нацыянальныя танцы ад калектываў «Легенды Каўказа» і “Sari gelin”. Выступяць прадстаўнік Беларусі на дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне-2015» Руслан Асланаў і прадстаўніца Беларусі на міжнародным конкурсе “Turkvision–2015” Аляксандра Кязімава.

7_30_logo.jpg

Вядзе сённяшняе мерапрыемства саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Шыр. Распачалося свята з выканання твораў розных гадоў з залатога фонду нацыянальнай музыкі Азербайджана. З 13:00 да 17:00 госцяў яшчэ чакае насычаная канцэртная праграма: выступяць калектывы «Легенды Каўказа» і “Sari Gelin”. Прадстаўнік Беларусі на дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне-2015» і лаўрэат шматлікіх музычных конкурсаў Руслан Асланаў выканае некалькі кампазіцый. Праспявае і Аляксандра Кязімова — гэтая маладая спявачка, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, нягледзячы на юны ўзрост ужо паспела паўдзельнічаць у нацыянальным адборачным туры «Еўрабачання», а два гады таму прадстаўляла Беларусь на прэстыжным міжнародным конкурсе “Turkvision” у Стамбуле. Запланаваны і модны паказ калекцыі ад перспектыўнага дызайнера Сабіны Алашовай.

3_36_logo.jpg

Не абыдзецца і без азербайджанскіх танцаў. Тэхніцы іх выканання можна будзе навучыцца прама на фэсце, з гэтай нагоды арганізаваны майстар-класы. Пасля чаго можна прайсці віктарыну па гісторыі і культуры краіны, атрымаўшы памятны прыз. Зацікавіць аматараў культуры і выступы на сазе  — музычным інструменце, падобным да лютні. Выраб саза ў азербайджанцаў — цэлае мастацтва, працяглы і працаёмкі працэс. Для вырабу розных яго частак майстры выкарыстоўваюць некалькі парод дрэва — тутаўнік, вішню, арэх. Прадстаўлены саз ва ўсіх аркестрах народных інструментаў Краіны агнёў. Прагучыць ён і на свяце ў беларускай сталіцы. А яшчэ можна будзе сфатаграфавацца ў нацыянальным строі ды пачуць цікавыя факты пра знакамітага азербайджанскага паэта Нізамі Гянджэві, класіка персідскай паэзіі, аднаго з найбуйнейшых лірыкаў сярэднявечнага Усходу.

4_42_logo.jpg

Для аматараў спорту разгарнулася пляцоўка для гульні ў нарды. Даведаюцца госці і пра спартовыя заслугі азербайджанцаў (у тым ліку выступоўцаў за Беларусь на спаборніцтвах). А на імправізаваным рынгу разгорнецца захапляльны паядынак — нацыянальная азербайджанская барацьба гюлеш.

6_42_logo.jpg

Як заўсёды, не забыліся і пра гурманаў — тут арганізавана дэгустацыя страў нацыянальнай азербайджанскай кухні, усходніх ласункаў і знакамітай азербайджанскай гарбаты. Таксама можна паспрабаваць сапраўдны плоў і долму (галубцы ў вінаградных лістах). Працуюць бясплатныя майстар-класы па прыгатаванні нацыянальных азербайджанскіх страў. Дзейнічае і выстава-продаж азербайджанскіх тавараў.

 

9_23_logo.jpg

Па словах намесніка старшыні МГА «Кангрэс азербайджанскіх абшчын» Ільхама Гаджыева, задача сённяшняга фэсту — не толькі паказаць найстаражытнейшую культуру азербайджанцаў, але і падкрэсліць іх агульнасць з беларускім народам. Грамадская арганізацыя ўжо рыхтуецца да правядзення яшчэ адной імпрэзы ў беларускай сталіцы — «Свята граната», якое запланавана на 1 кастрычніка.

8_30_logo.jpg

 

Месца правядзення свята: плошча Свабоды. Час: з 13.00 да 17.00. Пакаштаваць стравы азербайджанскай нацыянальнай кухні можна з 12.00 да 22.00.

 

Арганізатары свята — Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Кангрэс азербайджанскіх абшчын» пад патранажам Пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Даведка:

Па дадзеных Пасольствы Азербайджана, у 2013 годзе ў Беларусі пражывала каля 15 тысяч выхадцаў з гэтай краіны. У 2010 годзе на базе Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка быў створаны Цэнтр азербайджанскай культуры і мовы.  Беларусь і Азербайджан цесна злучаны ва ўсіх сферах — і культурнай, і эканамічнай. У Азербайджане выпускаюць беларускія трактары і аўтамабілі. У канцы траўня ў Мінску адкрылася спецыялізаваная крама азербайджанскіх тавараў, Гандлёвы дом Азербайджана, закліканы павялічыць таваразварот паміж краінамі. Чатыры беларускіх супермаркета, у сваю чаргу, паспяхова працуюць у закаўказскай рэспубліцы.