«Камуналка» беларусаў зноў падаражэе: на колькі і калі?
У новым указе Аляксандра Лукашэнкі распісаныя змены, якія тычыцца тарыфаў аплаты камунальных паслуг. Беларусаў чакае істотнае падвышэнне кошту «камуналкі».
Аляксандр Лукашэнка 2 лютага падпісаў указ №41, якім устаноўлены гранічна дапушчальныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, піша Myfin.by. Дакумент таксама вызначае памеры кампенсацыі выдаткаў на электраэнергію, спажываную на асвятленне дапаможных памяшканняў і працу абсталявання ў жылых дамах.
Жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва ў разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыльцамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг павысяцца ў 2024 годзе на 20 рублёў (на 0,5 базавай велічыні).
Павышэнне тарыфаў будзе праведзена ў два этапы:
- з 1 студзеня – на жыллёва-камунальныя паслугі, за выключэннем ацяплення і гарачага водазабеспячэння, на 10,35 рубля;
- з 1 чэрвеня – на цеплавую энергію на мэты ацяплення і гарачага водазабеспячэння на 9,65 рубля.
Адпаведна плацяжы для насельніцтва (у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру) у ацяпляльны перыяд складуць прыкладна 173,15 рубля ў месяц, у летні перыяд – 132,86 рубля.
Паводле разлікаў МАРГ, у 2024 годзе ўдзельная вага жыллёва-камунальных плацяжоў у даходзе сям'і з трох чалавек пры двух працоўных, якія атрымліваюць сярэднерэспубліканскі заробак, складзе 4,1%, сем'і з двух пенсіянераў – 9,1%.
Давайце палічым адсоткі ад медыяннага заробку, які праўдзівей адлюстроўвае сітуацыю з даходамі беларусаў. За аснову бяром дасяжныя даныя за лістапад 2023 года — 1499,15 рублёў. Тады «камуналка» ўзімку складзе 11,5%, а ўлетку 8,86% ад заробкаў.
Пры гэтым ва ўмовах росту жыллёва-камунальных плацяжоў будзе працягнута работа па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз прадастаўленне безнаяўных жыллёвых субсідый.
Такія субсідыі прадастаўляюцца грамадзянам і сем'ям адрасна пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% – у сельскай мясцовасці.