Канцавы прыпынак ці паўза?

Беларускі рубель цягам апошняга тыдня пакрысе стабілізуецца. Пакуль не ідзе размова аб істотным узмацненні яго пазіцый, аднак і рост курсу валют не назіраецца.



10cd8cca7d33d4526cf4c264654762c6.jpg

Беларускі рубель цягам апошняга тыдня пакрысе стабілізуецца. Пакуль не ідзе размова аб істотным узмацненні яго пазіцый, аднак і рост курсу валют не назіраецца.
Па дадзеных Беларускай валютна-фондавай біржы, 21 верасня ў таргах доларам удзельнічаў 21 банк. Аб’ём таргоў склаў 27 млн. 895 тыс. долараў (попыт — 27 млн. 895 тыс., прапанова — 16 млн. 63 тыс.). У таргах расійскім рублём удзельнічала 24 банкі. Курс вырас на 0,59 рубля і склаў 173,98 беларускага рубля за адзін расійскі. Аб’ём таргоў склаў 424 млн. 34 тыс. расійскіх рублёў (попыт — 425 млн. 159 тыс., прапанова — 424 млн. 34 тыс.). У таргах еўра ўдзельнічалі 20 банкаў. Аб’ём таргоў склаў 6 млн. 109 тыс. еўра (попыт — 6 млн. 822 тыс., прапанова — 6 млн. 109 тыс.), а курс вырас на 14 рублёў і склаў 7 472 рубля за еўра.
З пачатку года афіцыйны курс беларускага рубля да валютнага кошыка знізіўся на 82,28%, да долара — на 82,17%, да расійскага рубля — на 76,74%, да еўра — на 88,11%.
Па свабодным курсе долар прадаюць па 7 834 рублі, еўра — 11 179, расійскі рубель — 260 беларускіх рублёў за адзінку.
Нацыянальны банк Беларусі мае намер рухаць адзіны курс у бок афіцыйнага. «Адзіны курс прадугледжвае фарміраванне зыходзячы з попыту і прапановы — трэба ўлічваць, што Нацбанк будзе працягваць недапушчэнне моцнага ўмацавання ці моцнага паслаблення рубля. Пры неабходнасці будзем умешвацца», — сказаў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Тарас Надольны. Паводле яго слоў, «няма пагадненняў з урадам аб звядзенні курса на канкрэтным значэнні. Вельмі цяжка спрагназаваць курс, які будзе збалансаваным. Ёсць рэзервы, каб адзіны курс рухаўся да афіцыйнага». Пры гэтым Надольны дадаў, што «цяпер казаць 5 тысяч, 5,5 тысячы, ці 6 тысяч — бессэнсоўна».
На адзіны курс рубля ўлады плануюць выйсці ў трэцяй дэка­дзе кастрычніка. «Тэхнічна самы лепшы час выхаду на адзіны курс — гэта 20-я дні месяца: падатковыя выплаты, заканчэнне канвертацыі валюты для разлікаў за газ. Калі ўсё пойдзе па плане, у кастрычніку мы закрыем гэтае пытанне», — заявіў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас. Аналагічную па сутнасці заяву зрабіў і Аляксандр Лукашэнка: «Што мы бачым літаральна праз тыдзень пасля таго, як вы захацелі абсалютна рынкавага курсу, рынкавых адносін? Калі вам праўду сказаць, то сёння Міхаілу Мясніковічу і Надзеі Ермаковай трэба працаваць так, каб гэты долар не абваліўся ніжэй устаноўленых 5 тысяч рублёў».
Разам з тым суб’екты фінансавага рынку пакуль асцярожныя ў сваіх ацэнках і стабілізацыю курсу звязваюць з тым, што цяпер канец месяца — прадпрыемствы вымушаныя сплаціць падаткі, правесці заробак па бухгалтэрыі. З гэтымі мэтамі многія прыватнікі і канвертуюць цвёрдую валюту ў рублі, што выроўнівае попыт і прапанову на рынку і, адпаведна, уплывае на курс. Ёсць і псіхалагічны момант — наяўнасць валюты ў абменніку не спараджае стыхійнага чорнага рынку, на якім курсы валют звычайна крыху завышаныя з улікам магчымых стратаў.
Відаць, натхніўшыся першымі поспехамі, урад цяпер вядзе работу над рознымі сцэнарамі сацыяльна-эканамічнага прагнозу на 2012 год, робячы стаўку на «ўмерана-спрыяльны» варыянт. Паводле слоў віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса, гэты сцэнар грунтуецца на ўмераным росце эканомікі, абмежаванні грашовай эмісіі на ўзроўні не больш за 3% ВУП, падтрыманне курсу беларускага рубля на ўзроўні, які забяспечвае зніжэнне дэфіцыту аплатнага балансу, а таксама мерах сацпадтрымкі неабароненых слаёў насельніцтва. «У лістападзе мы будзем мець перспектыўны план развіцця эканомікі на 3 гады», — паабяцаў віцэ-прэм’ер. Ён таксама запэўніў, што ў праекце бюджэту прадугледжваецца зніжэнне падатковай нагрузкі.
«Зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак — канкрэтны памер пакуль разлічваецца, але само паніжэнне — пытанне вырашанае. Будзе ўведзены механізм пераносу страт на будучыя падатковыя перыяды», — паведаміў Румас.
У студзені–ліпені за кошт дэвальвацыі, па дадзеных Белстата, сальда ў гандлі з Еўрасаюзам склала 3 776 млрд. долараў, сальда ў гандлі з Расіяй застаецца адмоўным — 5 959 млрд. долараў. Гэтыя паказчыкі, канешне, палепшылі эканамічную карціну дзяржавы. Аднак застаецца небяспека таго, што сітуацыю «з’ядуць» імклівыя інфляцыйныя працэсы, што ў выніку вядзе да падвышэння выдаткаў унутры краіны. Так, за студзень–жнівень інфляцыя ў Беларусі склала 53,6%. А індэкс спажывецкіх цэн за гэты год можа перавысіць 100%.