Латвія. Тарыфы на электраэнергію знізяцца на 6–8%
У той час, як у Беларусі міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык абяцае, што кошт электраэнергіі будзе толькі павышацца, міністр эканомікі суседняй Латвіі анансуе зніжэнне тарыфаў на электраэнергію на 6–8%.

Энергетычная кампанія Latvenergo ў хуткім часе абвесціць аб зніжэнні тарыфаў на электраэнергію на 6–8%, паведаміла ў перадачы "900 секунд" на тэлеканале LNT міністр эканомікі Дана Рэйзніеце-Озала.
Міністр адзначыла, што цэны на электраэнергію зніжаюцца ўпершыню ў гісторыі Латвіі. Зніжэнне з 1 студзеня складзе 6–8%, паведамляе delfi.lv
Як патлумачыла кіраўнік Мінэканомікі Латвіі, галоўная прычына паніжэння тарыфаў — паляпшэнне злучэнняў з энергасістэмамі скандынаўскіх краін.
Мяркуецца, што тарыфы на электрычнасць будуць зніжацца і ў наступныя гады, адзначыла Рэйзніеце-Озала.
Адзначым, што з 1 студзеня гэтага года ўсе спажыўцы ў Латвіі, у тым ліку хатнія гаспадаркі, купляюць электраэнергію на свабодным рынку.