Леанід Заіка: У тым, што беларусы ездзяць за пакупкамі, вінаваты ўрад
У тым, што беларусы ездзяць за пакупкамі за мяжу, каб купляць танныя і якасныя тавары, вінаваты ўрад, а не спажыўцы.
Леанід Заіка
Так адрэагаваў эканамічны эксперт Леанід Заіка на прапанову Аляксандра Лукашэнкі ўвесці пошліну для тых, хто жадае паехаць за пакупкамі ў суседнія краіны:
— Калі нейкія прадпрыемствы, якія не ў стане вырабляць канкурэнтназдольную прадукцыю: каўбасныя заводы, мясакамбінаты, калгасы і саўгасы, калі іх прадукцыю не пакупаюць, дык у гэтым не беларускія спажыўцы вінаватыя. Вінаватыя тыя начальнікі, той урад, які гэта робіць. У беларусаў у гэтым плане ёсць два выйсця.
Па словах Леаніда Заікі, першы — гэта ехаць працаваць за мяжу, а другі — змяняць урад і кіраўніцтва краіны, якое не можа арганізаваць вытворчасць якаснай і канкурэнтназдольнай прадукцыі.
* * *
Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае ўвесці выязную пошліну для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу па пакупкі. Пра гэта ён заявіў падчас наведвання акцыянернага таварыства “Мотавела”.
“Людзі, якія ўсё крытыкуюць — бедная, жабрацкая краіна, а да 3 мільярдаў вывозяць за мяжу ў Еўразвяз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем”, — адзначыў Лукашэнка.
Па словах эканамічнага эксперта Леаніда Заікі, беларусы такім чынам наадварот павялічваюць унутраны валавы прадукт краіны:
— Мне даводзілася праводзіць на мяжы бліц-апытанне жыхароў Берасця, Кобрына, а таксама іншых гарадоў. Яны бяруць з сабой тысячу даляраў, а прывозяць на дзве тысячы ў беларускіх рублях. Спадар прэзідэнт, у вас напэўна ёсць эканамічны дарадца, але штосьці дзіўна ён з вамі працуе. Калі беларусы вывозячы валюту, якую зарабілі, у памеры тысячы даляраў, прывозяць тавараў, якія па коштах нацыянальнай вытворчасці складаюць дзве тысячы даляраў, то гэты чалавек павялічвае ВУП, яму наадварот трэба даваць прэмію і медаль за гэта.
Эканамісты лічаць, што ідэя кіраўніка дзяржавы ўвесці пошліну для грамадзян Беларусі, якія выязджаюць за мяжу па пакупкі, не будзе рэалізаваная.
Намеснік старшыні “Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі” (БНПА) Георгій Грыц у сваю чаргу заявіў, што не толькі выступае супраць такой меры, але і не разумее яе. На яго думку, выказванне кіраўніка дзяржавы выкліканае тым, што ў Беларусі фармуецца адмоўнае гандлёвае сальда, а спажывецкі імпарт перавышае экспарт аналагічнай прадукцыі па-за тэрыторыяй Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bymedia.net