Леанід Злотнікаў: 50% апрацоўчых прадпрыемстваў — стратныя

Апошнім часам у Беларусі значна пагорышылася эканамічная сітуацыя —  на шматлікіх прадпрыемствах працуюць няпоўны працоўны тыдзень, даходы насельніцтва памяншаюцца, пераконваюць эксперты. Пра агульную дынаміку ў беларускай эканоміцы за апошні час "Беларускае Радыё Рацыя" пагутарыла з эканамістам Леанідам Злотнікавым.



skacannyje_fajly8.jpg

Радыё Рацыя:Спадар Леанід, як можна агульна акрэсліць сённяшні стан беларускай эканомікі?

Леанід Злотнікаў: Калі мы возмем жнівень 2014 года і сакавік 2015 года, за гэты перыяд адбыўся значны спад даходаў насельніцтва. Тут я адзначу рознічны тавараабарот, каторы рэзка знізіўся, аб’ёмы ў грамадскім харчаванні ніжэйшыя за леташнія, то бок пачалі падаць у адносінах да ўжо дасягнутага ўзроўню. Пакупная здольнасць насельніцтва адбіваецца на спадзе рознічнага звароту, то бок узровень жыцця насельніцтва знізіўся.

Канкурэнтназдольнасць нашай эканомікі яшчэ больш парушылася. У нас упаў экспарт за першыя два месяцы гэтага года на 25–30%. Прыблізна на 30% што імпарт, што экспарт паменшыліся.

У нас з сярэдзіны 2012 года працягваюць падаць аб’ёмы прамысловай вытворчасці. Моцна зніжаецца фінансавая эфектыўнасць працы, амаль што ва ўсіх галінах. Хутка расце крэдыторская запазычанасць. Калі, напрыклад, за студзень 2014 года крэдыторская запазычанасць вырасла на 1–2% у розных галінах, то за студзень 2015 года гэтая запазычанасць вырасла на 15–17%. Паскорылася страта плацежаздольнасці прадпрыемстваў.

Сёлета крызіс неплацежаздольнасці хутка развіваецца. У нас была раней перавага —  затрата энергіі маленькая на ўсё, а ў тых самых палякаў ці літоўцаў —  высокая. Вось якія мы добрыя! Усё, цяпер мы нядобрыя. Страта канкурэнтназдольнасці адбылася скачкападобная. І нам цяпер выйсці ў свет і прадаваць, атрымліваць даходы, а не страты —  гэта ўжо вельмі складана.

РР:Такая сітуацыя мелася неяк адбіцца на занятасці людзей у працы.

Леанід Злотнікаў: У нас ужо недзе больш за 100 тысяч людзей, паводле дадзеных Мінстату, —  гэта ўжо няпоўная занятасць, у кожным выпадку. Асабліва пацярпеў горад Мінск. Таму што апрацоўчая прамысловасць больш за ўсё губляе у эфектыўнасці і канкурэтназдольнасці, застаецца тое, што бліжэй да сыравіны. У нас амаль усё ўпала, апроч экспарту калійных і азотных угнаенняў. Экспарт калійных і азотных угнаенняў за апошнія два месяцы павялічыўся на 60–70% у параўнанні з тымі двума месяцамі мінулага года. Калі дадаюцца затраты пры кожным этапе перапрацоўкі пры вытворчасці прадукту, то гатовы прадукт неканкурэтназдольны. А тут —  сыравіна, яе яшчэ цяжка “папсаваць”, таму яна прадаецца, яшчэ эканоміка трымаецца. Вось сыры лес таксама прадаецца добра.

РР:Спадар Леанід, а што можна сказаць пра стан у сельскай гаспадарцы?

Леанід Злотнікаў: Што датычыць беларускай сельскай гаспадаркі, то яе канкурэтназдольнасць спала. На сусветным рынку паменшыліся кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю, бо знізіліся кошты на нафту і газ, у нас жа кошты засталіся на тым самым узроўні, яны былі нізкімі —  і засталіся нізкімі. У іншых жа краінах —  Польшчы, Нямеччыне —  кошты на нафту і газ сталі ніжэйшымі, а сабекошт сельскагаспадарчай прадукцыі ў выніку ўсіх ланцугоў уключае ў сябе затраты на нафту і газ, гэта каля 20% сабекошту. Адпаведна, калі нафта і газ таннеюць, таннеюць і сельскагаспадарчыя прадукты. А гэта яшчэ большыя страты для нашага сельскагаспадарчага экспарту, ён знізіўся за першыя два месяцы 2015 года на 15-20%. Для некаторых асобных прадуктаў гэтая лічба яшчэ большая.

РР:У такой сітуацыі, калі беларускія прадпрыемствы неканкурэтназдольныя, колькі з іх цяпер працуе ва ўбытак?

Леанід Злотнікаў: У цэлым па Беларусі доля стратных прадпрыемстваў на пачатак 2014 года была 20%, а на пачатак гэтага года —  28,6%. То бок іх колькасць павялічылася. Але галоўнае —  павялічыліся страты ад гэтых прадпрыемстваў. Ужо буйныя прадпрыемствы сталі стратнымі, не проста вялікія, а буйныя. На пачатак 2015 у нас у апрацоўчай прамысловасці стратныя прадпрыемствы займаюць 50%!  На пачатку 2014 года іх было 32%. Гэта датычыць у першую чаргу машынабудаўніцтва. Колькасць стратаў вырасла вельмі моцна.

Калі ў студзені мінулага года страты складалі 2 трыльёны рублёў, то за студзень гэтага года —  ужо 52 трыльёны рублёў, лічба вырасла ў 26 разоў!

То бок мы маем вельмі хуткую згубу плацежаздольнасці прадпрыемстваў, хутка прыбліжаецца крызіс неплацежаздольнасці.

РР:Ці кіраўніцтва Беларусі робіць нейкія крокі, каб запабегчы гэтаму? Шукае нейкія шляхі вырашэння праблемаў?

Леанід Злотнікаў: Не. У асноўным яны заклапочаныя цяпер тым, як захаваць сацыялізм —  каб кантраляваць кошты, каб Сусветны Банк зноў не ціснуў на прыватызацыю і гэтак далей. Заклапочаныя тым, каб усе працавалі —  уводзяць падатак на дармаедства. А зрабіць што-небудзь істотнае, каб змяніць сітуацыю, —  ім нават такія думкі не прыходзяць да галавы.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя