Лукашэнка: Я прыхільнік таго, каб пенсійны ўзрост павысіць
Лукашэнка падтрымлівае паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі на тры гады. Пра гэта ён заявіў 18 сакавіка, размаўляючы з працоўным калектывам СААТ "Камунарка". Фрагмент сустрэчы быў паказаны ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Фота mk.ru
"Я прыхільнік таго, каб пенсійны ўзрост павысіць спачатку на тры гады, кожны год па палавінцы. Не пакрыўдзіць людзей. Ну, паўгода вы прапрацуеце? І вось так мы спакойна, за шэсць-сем
гадоў, зможам праглынуць гэтыя тры гады", — сказаў Лукашэнка.
Ён растлумачыў, чаму ў Беларусі вымушаныя пайсці на павышэнне пенсійнага ўзросту: "Заробак у людзей невысокі і не расце па краіне. А пенсійны фонд фарміруецца з зарплаты. Раз не расце
зарплата, а кошты ўсё-ткі рухаюцца, такім чынам, хай на паўпрацэнта, на працэнт жыццёвы ўзровень падае".
Лукашэнка паведаміў пра дэфіцыт сродкаў у пенсійным фондзе і пра тое, што ён "вымушаны быў накіраваць у гэтым месяцы грошы з бюджэту на выплату пенсій". "Таму што ў
пенсійным фондзе не хапае грошай, асабліва на рост пенсій. Стаіць пытанне: што рабіць? Памяншаць пенсіі? Дзе вы бачылі, каб пенсіі змяншалі? Нельга крыўдзіць людзей, таму мы на гэта пайсці не можам.
Але і не гэта галоўнае. Вось для мяне, як бацькі, важна тое, каб мы на сваіх дзяцей гэтыя праблемы не перакладалі. Мы павінны пераварыць гэтыя праблемы самі", — падкрэсліў
кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама не бачыць вялікіх праблем у плане працоўных месцаў. "Створым мы працоўныя месцы і ствараем. Трэба напружыць і тых кіраўнікоў, якія павінны стварыць працоўныя месцы, і самім
ствараць малыя, сярэднія, буйныя прадпрыемствы, каб працоўныя месцы новыя былі", — сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што ў свой час урад прапаноўваў яму ўвесці назапашвальную пенсійную сістэму, аднак ён не падтрымаў гэтую ініцыятыву. "Можа быць, калісьці наша
грамадства саспее, каб разбурыць гэтую сістэму і пакінуць толькі назапашвальную", — цытуе Лукашэнку БелТА.
Нагадаем, 10 сакавіка на нарадзе па пытаннях развіцця пенсійнай сістэмы ўрад прапанаваў кіраўніку дзяржавы тры варыянты павышэння ў Беларусі пенсійнага ўзросту паэтапна з 1 студзеня 2017 года. Першы
варыянт прадугледжвае выхад на пенсію жанчын у 60 гадоў і мужчын — у 65. На думку ўрада, гэта самы эканамічна прымальны варыянт, бо дае добрыя паказчыкі. У якасці другога варыянту
разглядаецца магчымасць выхаду на пенсію жанчын у 60 гадоў, мужчын — у 63 гады. Трэці прадугледжвае ўвядзенне пенсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчын і 63 — для мужчын.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН