Лукашэнка: Калі будзе дэвальвацыя — вы яе зробіце

Аляксандр Лукашэнка не выключае магымасці чарговай дэвальвацыі, калі насельніцтва Беларусі будзе працягваць скупляць замежную ввалюту. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 8 кастрычніка, наведваючы ААТ "БелАЗ" у Жодзіне.



lukashenko_region3_245.jpg

"Вы крычыце: цэны вельмі высокія. Я пачынаю прэсаваць: давайце зніжаць, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Гэта значыць трымаем цэны на нізкім узроўні, а зарплату раздулі. Потым вы добра ведаеце. Але мяне што больш за ўсё хвалюе? З'явіўся ў вас лішні беларускі рубель, куды вы пабеглі? У абменнікі скупляць валюту. І потым крычаць: а будзе дэвальвацыя ці не будзе? Калі будзе дэвальвацыя — вы яе зробіце".
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама іншую тэму: "Прэзідэнт сказаў, а мы ж едзем апранацца ў імпартнае адзенне, таму што наша па якасці горшае. Ды не пра гэта гаворка. Памежнікі інфармуюць, што некаторыя дзеячы па 700 разоў ездзяць туды і назад. Што яны там робяць? Скупляюць валюту, якую мы зарабляем, вывозяць туды і прывозяць шмоткі. Так, Еўрасаюз вам падкіне гэта танней, усё гэтае смецце будзе за 3 млрд. долараў скідваць". 
На думку Лукашэнкі, на гэтыя пытанні неабходна глядзець шырэй. "Для мяне галоўнае, калі ў чалавека вочы свецяцца, ён задаволены, яму добра жывецца. Нічога мне не трэба, толькі б было вам добра", — сказаў беларускі кіраўнік.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на крызісную сітуцыю ў сусветнай эканоміцы. Паводле яго слоў, калі крызіс закончыцца, Беларусь павінна выглядаць прыстойна: "У цяжкі час мы не спыняліся. Мы жывём з рэальнага сектара эканомікі, а не нафты і газу. І калі крызіс закончыцца, мы будзем выглядаць прыстойна". 
Нагадаем, апошні раз тэма магчымай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ўздымалася кіраўніком дзяржавы 28 верасня на "Дажынках". "Будзе вялікі попыт на валюту — будзе абясцэньвацца беларускі рубель, не будзе гэтага попыту — спакойнай будзе сітуацыя, спакойна выйдзем з гэтага становішча", — заявіў тады Лукашэнка.
"Пытанне з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты наогул сёння не стаіць. Навошта ставіць задачу абясцэніць, дэвальваваць нацыянальную валюту?! Напэўна, ніводзін кіраўнік такой задачы перад сабой не ставіць. Наадварот, нам трэба ад яе адысці", — адзначыў Лукашэнка.
Як нагадаў кіраўнік дзяржавы, ён ужо гаварыў, што ў краіне не будзе штучна падтрымлівацца беларускі рубель, як і іншыя валюты ў выпадку ўмацавання беларускага рубля. Паводле яго слоў, усё будзе залежаць ад попыту і прапановы.
Пры гэтым, на думку Лукашэнкі, гэта праблема поўнасцю знаходзіцца ў руках прадпрыемстваў і народа. "Калі вы будзеце бегаць з раніцы да вечара па абменных пунктах і скупляць валюту, калі суб'екты гаспадарання і банкі будуць спаць і бачыць, што пройдзе дэвальвацыя, хтосьці на гэтым выйграе, будуць параджацца чаканні, а нашы нягоднікі, "свядомыя", якія "плявузгаюць" языкамі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, народ будуць падаграваць, а вы будзеце іх слухаць і зноў бегчы ў абменнікі — бог вам у дарогу, значыць, вы самі прывядзяце да таго, што аслабіце нацыянальную валюту", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён адзначыў, што дзяржава будзе выкарыстоўваць усе інструменты, каб не дапусціць рэзкіх ваганняў курсу. 
Са студзеня 2009 года па верасень 2011-га беларусы перажылі некалькі падзенняў нацыянальнай валюты. У 2009 годзе курс рубля да долара быў зніжаны на 20,45%, у маі 2011 года — на 56,3%. У верасні 2011-га дэ-факта адбылася трэцяя дэвальвацыя. Па выніках дадатковых — свабодных — таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара склаў 8.600 беларускіх рублёў, перавысіўшы ў 1,6 разу афіцыйны, устаноўлены на асноўных таргах.
Аляксей Арэшка, БелаПАН