Львоўскі: Пенсійная рэформа абыдзецца Беларусі даражэй за атамную станцыю

Пераход да назапашвальнай пенсійнай сістэмы будзе вельмі дарагім і балючым. Але мы на яго асуджаныя. Інакш у недалёкай будучыні пенсійная сістэма будзе з'ядаць усё больш і больш ВУП краіны.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Беларусь асуджаная на пераход да назапашвальнай пенсійнай сістэмы. Аднак моцна з ёй спазнілася. У адносна паспяховыя часы зрабіць яе было б танней.
Цяпер рэформа абыдзецца краіне ў 2-3% дэфіцыту ВУП на працягу 10 гадоў. Гэта прыкладна 17-18 млрд долараў, гэта значыць даражэй за атамную станцыю. Такі разлік прывёў эканаміст Леў Львоўскі ў аўтарскай перадачыАляксандра Кныровіча.
«Гэты пераход будзе даволі балючым і даволі дарагім. Мы цяпер стаім у моманце, дзе вялікае пакаленне, яшчэ савецкае, пачне выходзіць з рынку працы, а замяшчацца яно будзе малалікім пакаленнем 90-х гадоў», — патлумачыў Леў Львоўскі.
Працэс замяшчэння названых пакаленняў ужо цяпер адбываецца і дасягне піка ў раёне 2050-га года.
Можа, лепей тады нічога не рэфармаваць?
«Калі мы гэтага не зробім, прама зараз нам будзе крыху лягчэй, але пачынаючы з 2040 года мы выйдзем на пастаянны дэфіцыт такога маштабу [2-3% ВУП]. Мы не можам пакінуць пенсіянераў на вуліцы. Адпаведна, калі сістэма не будзе прарэфармаваная, мы ўвесь час будзем вымушаныя ўкідваць у гэтую топку больш і больш грошай», — патлумачыў эканаміст.
thinktanks.by