Маршмэллоў, смартфоны, аўтамагнітолы. Якія тавары чыноўнікі прапануюць вырабляць у Беларусі

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) абнавіла пералік імпартных тавараў, якія варта выпускаць у Беларусі ў рамках імпартазамяшчэння ў 2018 годзе.

marshmallow2.jpg


Пералік тавараў, прапанаваных для асваення вытворчасці ў 2018 годзе, складаецца з 2 груп, паведамляе interfax.by. У першую групу тавараў увайшло 136 пазіцый, вытворчасць якіх ажыццяўляецца ў рэспубліцы, але ў недастатковай колькасці і асартыменце, у другую групу — 219 пазіцый, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.
У прыватнасці, сярод тавараў, якія ў краіне наогул не вырабляюцца, — мультываркі, кававаркі і кавамашыны, ударатрывалы посуд, эпілятары, аўтамагнітолы і сярпы з "якаснай зносаўстойлівай сталі".
Акрамя таго, МАРГ прапануе беларускім вытворцам асвоіць вытворчасць ноўтбукаў з "высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі і функцыянальнымі магчымасцямі, сучасным дызайнам" і смартфоны "з хуткасным інтэрнэтам, поштай, магутнай аперацыйнай сістэмай, праграмамі, якія дазваляюць рэдагаваць выявы, тэкставыя дакументы".
Сярод тавараў для дзяцей, якія прапанавана выпускаць, — бутэлечкі, пустышкі, соскі, цэлы шэраг разнастайных цацак, у тым ліку лялькі, якія выконваюць жыццёвыя функцыі, "якія падкрэсліваюць іх падабенства з малым (можна карміць, паіць, купаць, можа плакаць, засыпаць)" .
МАРГ таксама прапануе асвоіць у Беларусі выпуск маршмэллоу, шакаладнага дражэ тыпу "M&M's", шакаладных яек а-ля "Кіндэр-сюрпрыз" і булённыя кубікі.