Мінэканомікі плануе павялічыць даходы насельніцтва на… нуль працэнтаў?
Міністэрства эканомікі абяцае рост даходаў насельніцтва на 7% у 2021 годзе. Пра гэта заявіў міністр Аляксандр Чарвякоў пад час пасяджэння Саўміна, на якім абмяркоўваліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2021 год.
Міністр назваў галоўнай задачай на наступны забеспячэнне сацыяльнай стабільнасць, рост дабрабыту насельніцтва, запуск новага інвестыцыйнага цыкла для росту эканомікі.
«Для выканання гэтай задачы мы падрыхтавалі праект указа, якіх складаецца з двух блокаў — сацыяльнага і эканамічнага. Першае з чатырох ключавых напрамкаў сацыяльнага блока звязана з даходамі насельніцтва. Стаіць задача забяспечыць прырост даходаў насельніцтва больш чым на 7% у намінальным выражэнні», — сказаў ён.
Варта зазначыць, што сёлета Нацбанк змяніў свае чаканні па інфляцыі. Нагадаем, што ў верасні месячная інфляцыя паскорылася да 0,9%, а ў гадавым вылічэнні індэкс спажывецкіх коштаў вырас на 6,1%. Таму ў Нацбанку цяпер прагназуюць гадавую інфляцыю ў 6%, насуперак асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год ( там прадугледжана, што інфляцыя павінна скласці па выніках года не больш за 5%).
Такім чынам, «рост даходаў» насельніцтва ў 7% параўнальны з ростам інфляцыі, а гэта азначае, што рэальныя (а не намінальныя) даходы вырастуць хіба што на 1%, што знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасці. І тое толькі ў тым выпадку, калі напрацягу наступнага года ўдасца ўтрымаць інфляцыю ў прагнозных паказчыках — хай сабе і 6%.
Варта зазначыць, што аналагічны прагноз па росце даходаў насельніцтва на гэты, 2020 год, імаверна, выкананы не будзе. У студзені-жніўні рэальны наяўныя даходы насельніцтва, згодна з паведамленнямі Белстату, выраслі на 5,2%. У той жа час ва ўрадзе разлічвалі на іх рост у 7,5% паводле вынікаў гэтага года.