Міністр лясной гаспадаркі: Нарыхтоўка драўніны — збор ураджаю, а не варварства

Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа эмацыйна паразважаў пра высечку беларускіх лясоў, якую актыўна крытыкуюць. У Мінлясгасе Беларусі ў верасні прызналі, што сячы лес сталі больш, але тлумачаць гэта тым, што ён «саспеў», паведамляе «Еўрарадыё».

Віталь Дрожжа

Віталь Дрожжа


«Нарыхтоўка драўніны і ёсць збор ураджаю, — цытуе словы міністра sb.by. — Чаму мы радуемся камбайну ў полі, а працу харвестара ў лесе, які, па сутнасці, той жа камбайн, называем варварствам?»
Далей Дрожжа развіў гэты свой тэзіс. «Наш ураджай — дрэва, — кажа ён. — ...Калі мы сячэм у гэтыя аптымальныя, навукова абгрунтаваныя тэрміны, то атрымліваем якасную сыравіну. Пазней ужо надыходзіць час "Ч", пасля якога дрэва пачынае губляць сваю ліквіднасць».
Міністр заявіў, што высечка лясоў адбываецца не стыхійна, а планава. А «міжнародныя эксперты і супольнасць станоўча адгукаюцца аб тым, што адбываецца ў нашым лесе», сцвярджае ён.
Як вядома, сёлета кампаніі, якія сякуць і прадаюць беларускі лес, паказалі рэкордную выручку. У красавіку на нарадзе Аляксандр Лукашэнка абураўся, што вялізныя тэрыторыі ў Беларусі зарастаюць хмызняком. Ён падкрэсліў, што «лесу ў нас хапае, дай бог яго перапрацаваць».