Moody's: беларускія банкі чакае цяжкі час

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's пацвярджае негатыўны прагноз развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі, захоўваючы нязменнай негатыўную ацэнку з 2009 года, гаворыцца ў паведамленні агенцтва.



moodys1.jpg

Негатыўны прагноз развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі адлюстроўвае далейшае пагаршэнне аперацыйнага асяроддзя ў краіне, якасці актываў і дастатковасці капіталу, нізкі ўзровень ліквіднасці ў замежнай валюце адносна высокага ўзроўню дэпазітаў у замежнай валюце і зніжэнне даходнасці. Ён таксама паказвае на абмежаваную і патэнцыйна слабую здольнасць дзяржавы аказваць банкам падтрымку, гаворыцца ў паведамленні агенцтва.

Moody's мяркуе, што ў 2015 годзе Беларусь сутыкнецца з далейшым пагаршэннем аперацыйнага асяроддзя ў банкаўскім сектары з-за эканамічнага спаду і знешняга ціску, абумоўленага рэцэсіяй ў Расіі, якая з’яўляецца найбуйнейшым экспартным рынкам для Беларусі.

«Якасць актываў і дастатковасць капіталу банкаў таксама можа пагоршыцца на фоне запаволення эканамічнага росту і ў сувязі з нядаўняй рэзкай дэвальвацыяй беларускага рубля, што адмоўна паўплывала на здольнасць многіх карпаратыўных пазычальнікаў абслугоўваць свае пазыкі», — гаворыцца ў паведамленні.

Агенцтва адзначае, што беларускія банкі не маюць дастатковай валютнай ліквіднасці для пакрыцця валютных дэпазітаў (57% ад агульнага аб’ёму дэпазітаў), што можа абярнуцца узмацненнем жорсткасці кантролю над узроўнем капіталу ў выпадку рэзкіх курсавых ваганняў.

Скарачэнне чыстай працэнтнай маржы, а таксама павелічэнне крэдытных і аперацыйных выдаткаў знізіць прыбытковасць банкаў на працягу наступных 12-18 месяцаў.

АФН