Насельніцтва пачынае сябе паводзіць як у 1990-я. Нацбанк паказаў статыстыку па куплі і продажы валюты

Нацбанк апублікаваў гадавую статыстыку па куплі і продажы валюты. Напрацягу года мы назіралі цікавае супрацьстаянне: было незразумела, ці застанецца насельніцтва чыстым пакупніком валюты, ці ўсё ж стане чыстым прадаўцом.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg


Прычым паўгода прасочвалася адна выразная тэндэнцыя, паўгода — іншая. Да чэрвеня насельніцтва стабільна купляла валюту, а ўжо пачынаючы з ліпеня — стабільна больш прадавала. У выніку, па выніках года, з невялікім адрывам у $53 млн, беларусы сталі ўсё ж чыстымі прадаўцамі валюты, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Прадпрыемствы за год таксама прадалі больш, чым купілі — на $679 млн, і гэта лагічна дзякуючы добрай экспартнай кан'юнктуры. Замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі, прадалі на чыстай аснове $575 млн. Гэтак жа больш стабільна прадавалі, чым куплялі, і банкі, але розніца ў іх пры гэтым невялікая — $151 млн.

Увогуле, усе прадавалі валюту. Часта бывае, што ў выніку гэтага значна растуць золатавалютныя рэзервы краіны, але падобнага гэтым разам не адбылося.

Што яшчэ цікавага можна ўбачыць па выніку 2021-га?

Гэты год запомніўся некалькімі незвычайнымі пікавымі паказчыкамі. Насельніцтва прадавала ў месяц па мільярду долараў у жніўні, верасні, лістападзе і снежні. Раней такога не назіралася, таму можна казаць аб новым узроўні продажу фізічнымі асобамі замежнай валюты.

Вялікія аб'ёмы валюты прадаюцца, але не нашмат меншыя — купляюцца. Гэта значыць, што ў насельніцтва на руках пастаянна знаходзіцца багата валюты, яе не імкнуцца пакласці на банкаўскія ўклады і наўрад ці перапрадаюць, імкнучыся гуляць на курсавай розніцы. Усё гэта можа быць звязана з асаблівым стылем ашчадных паводзінаў — атрымаўшы на рукі «белкі», беларусы імкнуцца абараніць сродкі, пераводзячы іх як мага хутчэй у цвёрдую валюту. Калі ж узнікае неабходнасць у беларускіх рублях — долары аператыўна мяняюць.

Вам гэтая стратэгія нічога не нагадвае? Напрыклад — «ліхія 1990-я», калі ўпэўненасці ў людзей не было абсалютна ні ў чым, і ўсе свае грошы яны трымалі ў доларах, прычым — часцяком у рэальным слоіку (трохлітровым, схаваным пад ложкам). Таму што банкам тады ніхто не давяраў. Так, інфляцыя ў нас не такая як у 1990-я, але першыя ластаўкі ўжо выразна бачныя. Гэтыя сімптомы — недавер да ўсіх дзяржаўных структураў, нацыянальнай валюты, няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

А што адбываецца, калі ў насельніцтва запасіцца вялікая маса наяўнай валюты? Што гэта значыць для эканомікі ў цэлым? Гэта павышае залежнасць эканомікі ад паводзінаў насельніцтва, прадказаць якія досыць складана.

photo_2022_01_20_01_31_21.jpg


Мяркуючы па ўсім, узмацненне гэтага фактару нявызначанасці бачыць і Нацбанк. Прадбачачы магчымыя праблемы з узнікненнем спантаннай валютнай панікі, галоўны банк краіны купіў каля мільярда долараў наяўнымі. Каб было зразумела: у пачатку 2021 года на рахунках Нацбанка было ўсяго $24 млн наяўнымі, на 1 лістапада іх стала $420 млн., а ўжо 1 снежня — $1 млрд 348 млн.

Што значыць для Нацбанка сысці ў наяўную валюту на такую буйную суму? Гэта значыць, што ён не ўклаў гэтыя грошы ў замежныя дэпазіты і гатовы змірыцца са зніжэннем даходнасці актываў толькі дзеля таго, каб мець магчымасць процідзейнічаць валютнай паніцы. Гэта значыць, Нацбанк настолькі не выключае такога развіцця сітуацыі, што гатовы сядзець на $1,3 млрд непрацуючых грошай.

Праблема ў тым, што ў сённяшніх рэаліях мільярд долараў — гэта ўсяго толькі месячны попыт насельніцтва. У выпадку непрадбачаных абставінаў запас на «тушэнне пажару» можа вычарпацца досыць хутка, тады прыйдзецца залезці ўжо ў ЗВР.

Сітуацыя нагадвае покер: два гульца сядзяць насупраць, падазраючы адзін аднаго ў блефе. Насельніцтва не давярае ўраду, урад, чакаючы сюрпрызаў, закупляецца валютай, каб хоць на час стварыць ілюзію спакою і стабільнасці. Гэтае супрацьстаянне становіцца ўсё больш напружаным, нервовым, і пакуль няма ніякіх перадумоў да разрадкі сітуацыі. Але ў выніку, з вялікай верагоднасцю, прайграўшымі могуць аказацца абодва бакі.