Не вельмі звычайны i-Store: IPhone побач з квадракоптарамі
У Мінску сёння адчыняецца другая крама Apple Premium Reseller. Як абяцаюць дыстрыбутары прадукцыі Apple, кошты ў краме будуць амерыканскія, а тое і ніжэй. А ў нашых умовах дададзена яшчэ некалькі цікавых і карысных «плюшак».
Як паведаміла на прэс канферэнцыі з нагоды адкрыцця крамы i-Store (месціцца яна ў ГРЦ Galleria Minsk) Надзея Дамарад, мэнаджар па развіцці праектаў Premium Reseller у краінах СНД і Грузіі, па сутнасці, такія крамы з’яўляюцца прадстаўніцтвамі Apple.
«Асаблівасці новай крамы — гэта новы фармат. Apple раз у тры гады абнаўляе інтэр’ер сваіх крамаў, і гэтая — самая сучасная: з новымі светлавымі панэлямі, з асобнай стойкай, дзе можна пратэставаць прадукцыю, паглядзець яе ва ўсіх колерах, з новым асвятленнем… Па сутнасці, тое, што вы тут бачыце, зроблена рукамі кампаніі Apple», — адзначыла Дамарад. Карацей, крама зроблена па сусветным узроўні кампаніі, і калі зайсці ў такую ж краму, напрыклад, у Варшаве, яна нічым не будзе адрознівацца ад беларускай.
Мінск, па словах Дамарад, не такі ўжо і маленькі горад — ён дзявяты па велічыні ў Еўропе, але гандлёвых пляцовак у ім, для яго маштабу, мала, і яны не такога ўзроўню, як мы звыклі бачыць у еўрапейскіх сталіцах. Таму крамы i-Store будуць з’яўляцца ў сталіцы яшчэ. Прынамсі, дзве ў бліжэйшыя гады яшчэ абяцаюць.
А вось ці будуць з’яўляцца ў гэтых крамах навінкі? Прынамсі, у некаторых дасведчаных гледачоў выклікала расчараванне, што ў гэтай новай краме няма IPhone 8.
Дамарад на за ўвагу, што «крама новая, прадукцыя старая», заўважыла: прадукцыя зусім не старая. Але наконт старту прадаж IPhone 8 дыстрыбутары чакаюць паведамлення ад Apple. «Мы атрымліваем паведамленне за два тыдні да таго, як пачынаецца старт продажаў. Але ёсць і добрая навіна — сертыфікацыю мы ўжо прайшлі».
Яшчэ адна добрая навіна ў тым, што IPhone Х і IPhone 10 мы пабачым, хутчэй за ўсё, напрыканцы года — напачатку наступнага.
Пакуль краіне на пройдзе сертыфікацыю, у нас не з’явіцца, напрыклад, і AppleWatch. Але гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца.
Якія ж «плюшкі» прыдумалі дыстрыбутары «яблычнікаў» для беларусаў?
Найперш, гэта кансультацыі. Любы чалавек, які мае прадукцыю Apple, можа прыйсці ў краму і пракансультавацца, калі ягоны дэвайс працуе некарэктна. Для гэтага ў краме прадугледжана спецыяльная кансультацыйная стойка. Аляксандр Міхайленка, сертыфікаваны трэнер Apple краін СНД і Грузіі кажа, што па дробных пытаннях кансультанты раскажуць усё бясплатна. Але можна замовіць і «спецыялізаваную» кансультацыю, якая будзе каштаваць 20 рублёў. «Сутнасць у чым: калі ў вас узнікла лёгкае пытанне, кшталту, тыкнуць пару разоў пальцам у экран, каб нешта запрацавала — гэта бясплатна. Калі ж у вас нейкія сур’ёзныя праблемы, тэлефон «вісне», дадаткі не запускаюцца і гэтак далей — вы можаце заплаціць 20 рублёў, і вамі напрацягу да двух гадзінаў будзе займацца спецыяліст. У адрозненне ад звычайных кансультантаў, ён будзе займацца толькі вамі і вашым прыборам», — патлумачыў Міхайленка.
Прычым, гэта тычыцца ўсіх дэвайсаў Apple — неабавязкова, каб яны былі набытыя ў гэтай краме.
Након коштавай палітыкі кампаніі намеснік дырэктара па рознічным гандлі сеткі i-Store Арцём Калядзіч сказаў: «Мы звяртаем увагу на тое, што ў Беларусі вельмі актуальны рост коштаў, і хочам рабіць такія прапановы, як сёння».
Да адкрыцця крамы ў ГРЦ Galleria Minsk прадугледжана зніжка для пакупнікоў Ipad на 25%.
Традыцыйна для Apple, будуць розныя прапановы і акцыі тры разы на год. Гэта пад Новы год, у так званы «Love Season» — пачынаючы ад Дня закаханых 14 лютага да 8 сакавіка, і «Back to school» — з сярэдзіны жніўня па канец верасня. Гэтыя зніжкі традыцыйныя, напрыклад — 12% на MacBook.
Што тычыцца рамонтаў дэвайсаў, то, на жаль пакуль што Беларусь сертыфікавана на прыняццё па сусветнай гарантыі толькі лэптопаў і дэсктопаў — то бок кампутараў. Тэлефоны і іншыя дэвайсы аўтарызаваныя сервісныя цэнтры будуць прымаць толькі тыя, якія завезеныя ў краіну праз афіцыйнага дыстрыбутара. То бок, калі вы купілі фірмовы IPhone ў Германіі, напрыклад, то тут праблемы з гарантыйным абслугоўваннем узнікнуць.
Не існуе ў Беларусі пакуль і «пашыранай гарантыі», якую можна было б набыць дадаткова за грошы.
Але гэтыя недахопы крама i-Store імкнецца кампенсаваць душэўным стаўленнем да сваіх кліентаў — і не толькі для сваіх. Напрыклад, такая простая рэч, як падсілкаванне тэлефона. «Нядаўна я прыехаў у Galleria Minsk, у мяне заставаўся 1% зараду тэлефона, і нідзе, ні ў адной краме мне не дазволілі паставіць тэлефон на зарадку. У нас гэта можна будзе зрабіць», — з усмешкай распавёў Арцём Калядзіч.
Больш за тое — у краме нават прадугледжаныя шафы для кліентаў, якія запіраюцца на ключ: можна пакінуць свой тэлефон на зарадку, пайсці па сваіх справах, а потым вярнуцца і забраць дэвайс.
Варта зазначыць, што прадавацца ў краме будуць не толькі тэлефоны і кампутары. У краме, прынамсі, на момант прэс-канферэнцыі было вельмі шмат розных «прымочак». Гэта і тэлепрыстаўкі, канешне ж, навушнікі, флэшкі, кабелі, шмат розных аксэсуараў. Але не толькі аксэсуараў. Асобная паліца выдзеленая для цацак, якімі захапляюцца як малыя дзеці, так і дарослыя дзеці — робаты, квадракоптары і іншае.
Карацей, кожны знойдзе тут сабе занятак па душы. Былі б грошы.