Парашэнка назваў сябе ініцыятарам аперацыі, якая скончылася затрыманнем 33 «вагнераўцаў» у Беларусі

Былы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пацвердзіў, што затрыманне 33 байцоў ПВК Вагнера ў Беларусі стала вынікам спецаперацыі спецслужбаў, якія спрабавалі выклікаць іх з Расіі на Украіну. Такую заяву ён зрабіў у эфіры ўкраінскага «5 канала.

205032.jpg

Пяты прэзідэнт Украіны ў ток-шоў "Вялікая палітыка" на "5 канале" зрабіў сенсацыйнае прызнанне адносна правядзення аперацыі па затрыманні наймітаў ПВК Вагнера. Парашэнка сказаў, што ён асабіста санкцыянаваў гэтую аперацыю як вярхоўны галоўнакамандуючы ў канцы 2018 года: "Я хачу падкрэсліць, што яшчэ ў канцы 2018 года тагачасны Вярхоўны галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны Пётр Парашэнка санкцыянаваў правядзенне гэтай аперацыі".

Аднак аперацыя сарвалася з-за здрады «канкрэтных асоб» ва ўкраінскім кіраўніцтве, калі ўжо быў прэзідэнтам Уладзімір Зяленскі.

"Я не дам закрыць, загаварыць, абылгаць або сысці ад адказнасці за здзяйсненне злачынства — дзяржаўнай здрады. Намаганнямі дзясяткаў украінскіх герояў, якія імкнуліся выманіць ва Украіну і судзіць тых, хто мае дачыненне да катастрофы самалёта MH17, а не судзіць нявінаватага Назарава за збіты Іл-76 з дэсантнікамі ў Луганскім аэрапорце", — заявіў лідар партыі "Еўрапейская салідарнасць".

Парашэнка заклікаў стварыць адмысловую следчую камісію, каб высветліць прычыны правалу аперацыі, і пакараць вінаватых.


Украінскія спецслужбы спрабавалі зрабіць так, каб байцы ПВК Вагнера патрапілі на Украіну для суда за ўдзел у канфлікце ў Данбасе, але з-за ўцечкі інфармацыі расіяне былі заўчасна арыштаваныя ў Беларусі. Пра гэта ў канцы жніўня пісалі "Украінская праўда" і " Цензор.нет". Паводле звестак выданняў, Зяленскі адмовіўся праводзіць расследаванне ўцечкі ў сваім асяроддзі.

Яшчэ да ўкраінскіх СМІ пра ўдзел Службы бяспекі Украіны ў інцыдэнце пісала "Комсомольская правда". У версіі газеты гаварылася, што мэтай аперацыі было не выманіць байцоў на Украіну, а пагоршыць адносіны паміж Расіяй і Беларуссю.

Паводле www.5.ua, meduza.io