«Перш за ўсё пацерпяць бюджэтнікі». Эканаміст параўнаў сітуацыю ў Беларусі з канцом 80-х у СССР
Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук на Свабодзе аналізуе маштабы і працягласць эканамічнага крызісу, які напаткаў Беларусь, адказвае на пытанне, якія катэгорыі насельніцтва найперш пацярпяць ад эканамічных праблемаў, і прадказвае, што на пачатку наступнага году ўлады могуць замяніць кіраўніка Нацбанку на «новага Пракаповіча» і пачаць друкаваць грошы.
— «У Беларусі ў 2021 годзе чакаецца аднаўленчы рост эканомікі і запуск новага інвестыцыйнага цыкла». Так заявіў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка 20 кастрычніка на пасяджэнні Савету міністраў, дзе абмяркоўваліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і бюджэту на 2021 год. Адкуль беларускі ўрад плануе браць рэсурсы для інвестыцыйнага рыўка, ці ёсць такія магчымасці?
— Урад працуе быццам незалежна ад эканомікі, ён у сваёй каляіне, яна ў сваёй. Калі я чую прагнозы ўраду і Міністэрства эканомікі, якія кажуць пра нейкі рост нават у гэтым годзе альбо пра рост даходаў у 7 працэнтаў у наступным годзе, — то, мне падаецца, яны ўяўляюць Беларусь нейкім тыграм, а дакладней, буслам, які гатовы узляцець.
Але калі паглядзець на факты і лічбы, фінансы, стан бюджэту, то ніякага аптымізму не відаць. Галоўчанка проста выдае тое, што трэба сказаць. За 9 месяцаў мы маем падзенне ВУП на 1,3 працэнта, сур’ёзныя праблемы з экспартам і інвестыцыямі. Але падзенне было б значна большае, каб не статыстычныя хітрыкі. Гэта можна пабачыць у такім паказчыку, як дэбіторскія даўгі. Замежная дэбіторская запазычанасць павялічылася на траціну. Амаль на 12 мільярдаў рублёў беларускіх тавараў было адгружана, але грошы за іх не паступілі.
Так што беларускі «цуд» (вельмі нізкае падзенне ВУП) — гэта цуд статыстыкі і методыкі. То бок галачна-палачная сістэма працуе, а эфектыўнасць і якасць не цікавіць.
— Можа, Галоўчанка ў сваіх аптымістычных прагнозах мае нейкія таемныя веды пра патэнцыйныя крэдытныя і інвестыцыйныя рэсурсы, пра якія мы з вамі не ведаем?
— Калі гавораць пра аптымізм... Глядзіце, бюджэт за 2020 год будзе дэфіцытны, дзірка недзе 5 мільярдаў рублёў. У экспарце мы згубім недзе 7 мільярдаў даляраў за гэты год. Наконт інвэстыцыяў вельмі гратэскная сітуацыя, калі кітайцы адмовіліся нават прабачыць крэдыт на беларускі спадарожнік, які запусцілі, але ніхто не ведае навошта. Расійскія СМІ, дый урад, кажуць, што Беларусь не выконвае сваіх абавязаньняў, таму больш мы крэдытаў не дамо.
Беларусь атрымала найгоршы крэдытны рэйтынг. Унутраных рэсурсаў няма, бо Лукашэнка сваімі рукамі душыць ІТ-сэктар. У гэтым кантэксце, у такім палітычным клімаце толькі шалёныя людзі могуць пачынаць у Беларусі нейкія інвестыцыйныя праекты.
Выглядае на тое, што з усіх зол недзе ў канцы году Лукашэнка выбера інфляцыйны і дэвальвацыйны варыянт. На дэвальвацыі заробяць тыя людзі, якія сёння разгружаюць тавары ў замежжа. А звычайныя людзі, навучаныя горкім досведам, здымаюць даляры з банкаў. Таму я не бачу аніводнай навукова акрэсленай эканамічнай крыніцы росту ў 2021 годзе.
— Які ваш аналіз — на колькі ўпадзе беларуская эканоміка ў гэтым годзе?
— Замежная дэбіторская запазычанасць — 12 мільярдаў. Разам з складскімі запасамі гэта амаль 13 працэнтаў ВУП. Запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах — больш чым гадавы ВУП. Калі скончацца рэсурсы, якія выкарыстоўвае ўрад, каб гэтая галачна-палачная сістэма працавала, — гэта недзе пачатак наступнага, 2021 году.
І тады нас будзе чакаць адстаўка кіраўніцтва Нацбанку, паставяць новага Пракаповіча, які скажа, што трэба ратаваць нацыянальную эканоміку, таму трэба друкаваць грошы, як гэта кажа дарадца Лукашэнкі Бельскі. Падзенне ВУП сёлета будзе звыш 3 працэнтаў, але ніякага росту ў наступным годзе таксама не будзе.
І чым больш яны будуць арыентавацца на валавыя паказчыкі сёлета, тым горш будзе ў наступным годзе. Бо гэта таксічныя актывы, якія назапашаныя ў банкаўскай, фінансавай сістэме, на ўзроўні прадпрыемстваў. Напрыклад, страты ў будаўнічай галіне выраслі сёлета больш як у 8 разоў. І адкуль возьмецца абаротка, калі попыту на беларускія тавары на замежных рынках няма, а ўнутраны рынак абмежаваны?
— Калі ўсяму грамадству давядзецца зацягваць паясы, то хто, якія галіны і слаі пацярпяць найбольш? А якія святыя каровы заўсёды будуць мець сваё?
— Перш за ўсё пацярпяць бюджэтнікі, гэта заўсёдны «ахвярны казёл». Ім скажуць — глядзіце, прадукцыйнасць працы падае, адкуль мы можам вам павялічыць даходы? Другое — гэта сярэднія і малыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія былі на мясцовых бюджэтах. Бо асноўныя грошы пойдуць буйным прадпрыемствам. І замест таго, каб гэтыя «пункты росту» нас кармілі — яны будуць атрымліваць грошы з бюджэту. Маўляў, нам трэба скончыць інвестыцыйныя планы, дайце нам яшчэ пару мільярдаў даляраў.
Не трэба спадзявацца на захаванне пакупной вартасці пэнсіяў, заробкаў. Бо Беларусь уступіла ў зацяжны сістэмны крызіс эканомікі, сацыяльны, валютна-фінансавы крызіс. Ніхто не будзе браць крэдыты па 30–35 працэнтаў у рублях, каб падтрымліваць сваю вытворчасць.
Але той 1 працэнт людзей, якія размяркоўваюць бюджэт, здолее захаваць свае пазіцыі, больш за тое, яны ўжо гатовыя разьдзярбаніць дзяржаўныя актывы.
— Улада пасварылася з Захадам — і, адпаведна, пазбавілася фінансавай падтрымкі Эўразьвязу, шматлікіх грантаў, пазбавілася патэнцыйных крэдытаў і інвэстыцыяў. Наколькі гэта сур’ёзны ўдар па перспектывах беларускай эканомікі — на той час, пакуль улада ў Беларусі не зменіцца?
— Днямі ЗША зноў пацвердзілі, што Беларусь не зьяўляецца краінай з рынкавай эканомікай. Мяркую, такое ж рашэнне прыме і Эўразьвяз. Ва ўмовах грубага парушэння правоў чалавека нават Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця не будзе працаваць у Беларусі, мы страцім у выніку сотні мільёнаў даляраў. МВФ не даў крэдыт і ўжо не дасць, пакуль не зменіцца ўлада. Таксычна працаваць з беларускімі ўладамі сёння.
Лукашэнка шмат разоў казаў, што траціна экспарту тавараў павінна ісьці ў Эўразьвяз, што трэба дыверсіфікацыя. Але за 8 месяцаў гэтага году экспарт у Еўразвяз складае толькі 17 працэнтаў. У ранейшыя гады было 25–30, а цяпер 17.
Таму трэба задаць пытанне: а што цікавіць еўрапейскіх пакупнікоў? І адказ расчаруе Лукашэнку — ніякія беларускія тавары сёння не цікавяць еўрапейскіх пакупнікоў, бо Беларусь працуе ў рэжыме самаізаляцыі і не зьяўляецца рынкавай эканомікай. Гэта будзе стратэгічная задача для будучага дэмакратычнага ўраду.
— Вы сказалі, што Беларусь уступае ў працяглы эканамічны, структурны крызіс. Але з чым у беларускай гісторыі яго можна параўнаць? Ці гэта 90-я, ці гэта дэвальвацыя 2011-га, ці падзенне ў 2016-м?
— Я б параўнаў гэта з канцом 80-х, калі стваралі ўмовы для распаду СССР. Буксавала эканоміка, старыя крыніцы росту перасыхалі. І тады, і цяпер быў спадзеў на нейкі цуд, што само неяк «рассмокчацца».
У Беларусі сёння на нафце ўжо шмат не заробіш, улады задушылі творчы патэнцыял эканомікі, прадпрымальніцтва ўжо не дыхае, альбо дыхае ў шэры сектар эканомікі. Узровень таксічных актываў зашкальвае, Расія, якая больш рынкавая, канкуруе з беларускімі таварамі — усё гэта ставіць нас на мяжу інстытуцыянальнага, структурнага крызісу, больш сур’ёзнага за крызісы 2011 і 2016 гадоў.
Так што актыўная фаза «распаду СССР» для Беларусі пачнецца ў 2021 годзе.