Плацяжы Беларусі па замежным доўгу ў 2014 складуць 3,2 млрд даляраў

Плацяжы па абслугоўванні і пагашэнні знешняга дзярждоўгу Беларусі складуць у 2014 годзе прыблізна 3,2 млрд. даляраў.



dolzhok1.jpg

Такія звесткі прыведзены ў тлумачальнай запісцы Міністэрства фінансаў да праекта бюджэту на наступны год.
Пры гэтым плацяжы па абслугоўванні знешняга дзярждоўгу вырастуць у наступным годзе амаль у 1,5 разу ў параўнанні з 2013 годам.
«Плацяжы па абслугоўванні знешняга дзяржаўнага доўга павялічацца (у 2014-м) у параўнанні з узроўнем 2013 года на 255,8 млн. даляраў ЗША і складуць 785,3 млн. даляраў ЗША», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.
Павелічэнне плацяжоў па абслугоўванні знешняга дзярждоўгу абумоўлена прыцягненнем новых пазычанняў у 2013—2014 гадах, тлумачыць Мінфін.
Акрамя плацяжоў па абслугоўванні Беларусь у наступным годзе будзе ажыццяўляць плацяжы па пагашэнні асноўнага доўгу, у тым ліку больш як 1,8 млрд. неабходна будзе накіраваць міжнародным крэдыторам.
«Пагашэнне крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацый у 2014 годзе ў параўнанні з чаканым выкананнем 2013 года ўзрасце на 174,1 млн. даляраў ЗША і складзе 1 млрд. 843,4 млн. даляраў ЗША. Рост абумоўлены галоўным чынам наступленнем тэрмінаў пагашэння крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС», — канстатуе беларускі Мінфін.
На пагашэнне асноўнага доўгу па іншых крэдытах (узятых у ЗША, ФРГ, Расіі, банкаў Кітая, Венесуэлы) неабходна будзе ў наступным годзе накіраваць 588,6 млн. даляраў. «Агульная сума плацяжоў па пагашэнні знешняга дзяржаўнага доўгу складзе 2 млрд. 432 млн. даляраў», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы Мінфіна да бюджэту.
З улікам плацяжоў па абслугоўванні (785,3 млн. даляраў) і пагашэнні асноўнага доўгу (2,43 млрд. даляраў) Беларусі неабходна будзе выплаціць па знешнім дзярждоўгу ў 2014 годзе прыблізна 3,2 млрд. даляраў.
Нагадаем, на 2013—2014 гады прыпадае пік плацяжоў Беларусі па знешнім дзяржаўным доўгу. У сувязі з гэтым, як адзначаюць эксперты, фінансавыя магчымасці беларускага бюджэту вельмі абмежаваныя.
belapan.by