Прадаць энергію з БелАЭС дапаможа Кітай: ён купіў Інстытут энергасетак у Літве

Прадаць электраэнергію з Беларускай АЭС дапаможа Беларусі кітайская дзяржаўная энергетычная кампанія Power China і яе даччынае прадпрыемства North China Power Engineering (NCPE), паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на ru.delfi.lt.

china_11.jpg

NCPE цяпер ажыццяўляе праект продажу беларускай электраэнергіі і злучэння сетак. Насамрэч, гэта 23 праекты ў электраэнергетычнай сферы. Пад гэты праект сетак БелАЭС Беларусь атрымала крэдыт у Эксімбанк Кітая — 5 мільярдаў долараў.
Дарэчы, яшчэ ў 2013 годзе NCPE набыла Інстытут энергасетак, размешчаны ў Коўне. Гэта адно з найбуйнейшых у Літве прадпрыемстваў па праектаванні электраэнергетычных аб'ектаў. Кітайцы купілі кантрольны пакет акцый прадпрыемства, а ў праўленне ўваходзяць толькі грамадзяне Кітая.
Між тым Літва актыўна пратэстуе супраць будаўніцтва Беларускай АЭС. Сейм Літвы ўжо двойчы прагаласаваў за тое, каб прызнаць энергію з БелАЭС небяспечнай. Ад пачатку 2016 года афіцыйная Вільня заклікае краіны Еўрасаюза далучыцца да эмбарга беларускай электраэнергіі, але пакуль што без вялікага поспеху.
Тым не менш прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд нядаўна выказала сумнеў, што яе краіна будзе купляць электраэнергію з БелАЭС. Для гэтага, кажа яна, трэба вялікія ўкладанні ў інфраструктуру на лініях электраперадачы.
Можна меркаваць, што куплены кітайцамі Інстытут энергасетак якраз і будзе вырашаць гэтую праблему.
Эксперты прызнаюць, што электрычнасць з БелАЭС тэарэтычна зможа трапляць на агульны рынак праз Расію і Латвію.
Тым часам на першым рэактары БелАЭС пачалася стадыя "гарачай абкаткі" (праверка дзейнасці рэактара з імітацыяй ядзернага паліва). Да канца 2019-га плануецца дастаўка на станцыю ядзернага паліва. Саму АЭС мяркуюць увесці ў эксплуатацыю ў студзені 2020 года.