Прыбытак прадпрыемстваў дзяржсектара скараціўся больш як у 20 разоў
Прадпрыемствы з доляй дзяржавы па выніках 2020 года атрымалі чысты прыбытак 242,1 млн. рублёў, што ў 22,7 разу менш у параўнанні з узроўнем 2019 года (тады чысты прыбытак склаў амаль 5,5 млрд. рублёў).
Звесткі пра вынікі дзейнасці дзяржарганізацый прыводзяцца ў статбюлетэні аб асноўных паказчыках дзейнасці дзяржсектара, які апублікаваў Нацыянальны статычны камітэт.
Рэзкае пагаршэнне фінансавых паказчыкаў дзяржсектара, як сведчаць статданыя, звязанае з некалькімі фактарамі.
Так, у будаўніцтве па выніках працы ў гэтай галіне дзяржарганізацый зафіксаваная страта больш за 2 млрд. рублёў. Аналагічную страту атрымаў па выніках мінулага года Астравецкі раён (Гродзенская вобласць), таму беларускія эканамісты лічаць, што гэты адмоўны фінансавы вынік звязаны з будаўніцтвам БелАЭС.
Варта адзначыць, што па выніках 2020 года зафіксаваныя вялікія страты дзяржпрадпрыемстваў і ў іншых галінах. Так, у дрэваапрацоўцы страта прадпрыемстваў з дзяржаўным капіталам склала 378,1 млн. рублёў. Дзяржарганізацыі, якія займаюцца транспартнай дзейнасцю, спрацавалі ў цэлым са стратай у 321 млн. рублёў.
Прадпрыемствы з дзяржкапіталам, якія займаюцца вытворчасцю пластыкавых і неметалічных вырабаў, атрымалі страту ў 210 млн. рублёў, у машынабудаванні таксама зафіксаваная чыстая страта на 162 млн. рублёў.
На думку беларускіх эканамістаў, значная страта ў дзяржсектары можа быць звязаная з леташняй дэвальвацыяй, якая прывяла да пераацэнкі абавязацельстваў дзяржпрадпрыемстваў, намінаваных у замежнай валюце. Акрамя гэтага, лічаць эксперты, рост страты можа быць выкліканы леташнім імкненнем дзяржпрадпрыемстваў выконваць дырэктыўныя ўказанні ўлад па падтрымцы аб’ёмаў прамысловай вытворчасці ва ўмовах пандэміі.
Эканамісты чакаюць, што рост страты ў дзяржсектары абвострыць праблемы з плацежаздольнасцю дзяржпрадпрыемстваў. У студзені гэтага года Нацыянальны банк заявіў, што шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў маюць абмежаваныя магчымасці па самастойным абслугоўванні доўгу. Аб’ём запазычанасці такіх прадпрыемстваў ацэньваецца Нацбанкам на ўзроўні прыблізна 14% да ВУП.
«Мяркуючы па дзеяннях улад, пакуль выразнага разумення, што рабіць з праблемнымі прадпрыемствамі, у іх няма. Гэты год пачаўся са здзелак, у межах якіх дзяржбанкі даравалі праблемныя даўгі дзяржпрадпрыемствам, некаторыя карпаратыўныя даўгі канвертаваліся ў акцыі і перадаваліся банкам, некаторыя былі канвертаваныя ў дзярждоўг», — адзначыў у каментары БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што плацяжы па дзярждоўгу ажыццяўляюцца за кошт сродкаў бюджэту, які напаўняецца падаткаплацельшчыкамі.
«Таму перакладанне даўгоў дзяржпрадпрыемстваў на дзяржбюджэт прыводзіць да таго, што карпаратыўныя праблемы становяцца патэнцыйным галаўным болем усяго беларускага грамадства. Адпаведна, фінансавыя цяжкасці дзяржпрадпрыемстваў — гэта ўжо не толькі карпаратыўныя, але і грамадскія праблемы», — рэзюмаваў Крук.
www.racyja.com, belapan.by