Расійскі рубель абрынуўся да гістарычнага мінімуму

Раніцай у панядзелак на фоне расійскага ўварвання і санкцый долар на пазабіржавым рынку Forex каштаваў вышэй за 113 расійскіх рублёў, курс еўра падскокваў да 127 рублёў, звярнулі ўвагу СМІ. Гэта гістарычныя максімумы. Але галоўным паказчыкам будзе курс на біржавых таргах.
Таргі на валютным рынку Маскоўскай біржы адкрыюцца пазней, чым звычайна – у 10:00 па маскоўскім часе. Таргі на рынку акцый Масбіржы адкрыюцца не раней за 15:00. ЦБ у 13:00 вызначыцца, ці адкрываць таргі ўвогуле.

Гэта будуць першыя таргі пасля новых жорсткіх санкцый. Еўрасаюз зацвердзіў рашэнне аб замарожванні актываў расійскага ЦБ. Пастанова была апублікавана ў Афіцыйным часопісе ЕС у ноч на панядзелак. Еўрасаюз забараніў любыя аперацыі з валютнымі рэзервамі ЦБ, з дапамогай якіх рэгулятар можа ўплываць на курс рубля.

Забараняюцца аперацыі, злучаныя з кіраваннем рэзервамі, а таксама актывамі ЦБ. Санкцыі замарозяць каля паловы фінансавых рэзерваў Расіі, заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль.

Рэзервы ЦБ па стане на 1 лютага перавышалі 630 млрд долараў. Частка з іх — гэта наяўныя долары, еўра і золата, а частка ўкладзена ў ліквідныя паперы замежных эмітэнтаў і знаходзіцца на рахунках у цэнтральных банках іншых краін.

Кіраўнікі МЗС 27 краін ЕС напярэдадні ўхвалілі рашэнне поўнасцю закрыць паветраную прастору Еўрасаюза для Расіі і адключыць "пэўную колькасць расійскіх банкаў" ад міжнароднай сістэмы плацяжоў SWIFT. Рашэнне аб закрыцці неба над Еўропай набыло моц.

На гэтым фоне расійскі рубель на міжнародных таргах на рынку Forex упаў да гістарычнага мінімуму, страціўшы больш за 30% кошту да долара і еўра. Курс еўра дасягнуў 127 рублёў, долар таргаваўся па 113,5 рубля.

Затым рубель крыху адыграў пазіцыі — па стане на 6:55 долар падаражэў на 25,48% і дасягнуў 105,3 рубля, што вышэй на 20 рублёў узроўню закрыцця таргоў пятніцы, курс еўра вырас на 24,12%, склаўшы 117 рублёў.

Паводле ВВС

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: