Развітанне з Бацькам. Як украінскі мільянер страціў у Беларусі бізнес, які будаваў 9 гадоў
«Сямʼя Лукашэнкі» пазбавіла Мікалая Лагуна ўсіх беларускіх актываў, піша forbes.ua.
Фота: Ігар Цішчанка для «Forbes Украіна»
У студзені 2016 года Эканамічны суд Мінскай вобласці спагнаў з кампаніі «Гольф клуб» — $1,2 млн і запатрабаваў датэрміновага пагашэння аблігацыяў на суму $ 7,6 млн. «Гольф клуб» не валодае такой сумай і спагнанне будзе накладзенае на пабудаваныя кампаніяй палі для гольфу (ацэначны кошт $ 11 млн).
Такім чынам, украінскі бізнесовец Мікалай Лагун будзе пазбаўлены бізнесу, які наўпрост звязвае яго з сямʼёй Лукашэнкі, піша forbes.ua. Бізнес-партнёрам украінца па «Гольф клубе» быў сярэдні сын кіраўніка Беларусі Дзмітрый Лукашэнка.
З 2007-га бізнесмен паспеў укласці ў беларускія бізнес-праекты каля $ 130 млн.
«Беларусь сёння — гэта перспектыўны рынак, з высокім узроўнем незадаволенага попыту менавіта ў сегменце спажывецкага крэдытавання», — заявіў Лагун у 2007 годзе, напярэдадні набыцця акцыяў беларускага «Атам-банку», які пазней стаў «Дэльта Банкам».
Амаль год таму Нацыянальны банк адклікаў ліцэнзію ў ЗАТ «Дэльта Банк». Паводле афіцыйнай версіі, банкаўская ўстанова не выканала ліцэнзійных патрабаванняў, а таксама трапіла ў цяжкае фінансавае становішча. Паводле Мікалая Лагуна, яго закрылі па загадзе зверху.
Мала хто ведае, што перад набыццём «Атам-банку» ўкраінец пагадзіўся на шэраг сацыяльных праектаў, з якіх галоўным стала будаўніцтва першага ў Беларусі гольф-клубу.
«Ідэя стварэння такога клубу лунала ў кабінеце Лукашэнкі з 2004 года, калі была зарэгістраванае СТАА «Гольф клуб», але для рэалізацыі гэтага праекту не было інвестара. — піша forbes.ua — І тут зʼявіўся Лагун, які ў 2007-м пазнаёміўся з сярэднім сынам прэзідэнта і распавёў яму пра сваё жаданне працаваць у Беларусі. Яму прапанавалі прафінансаваць гэты праект у абмен на адкрыццё рынкаў рэспублікі. Лагун, натуральна, пагадзіўся. А Лукашэнка выдаў адмысловы ўказ № 56 ад 29 студзеня 2007 года «Аб будаўніцтве спартыўна-турыстычнага гольф-комплексу ў Мінскім раёне». Партнёрам Лагуна ў гэтым праекце стаў «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка», — піша ўкраінскае выданне.
Асноўным беларускім актывам Лагуна з 2007-га па 2015 год, акрамя ЗАТ «Дэльта Банк» з інвестыцыямі больш за $ 50 млн, была кампанія «НТС» — другая па велічыні сетка прадуктовых супермаркетаў у Беларусі (каля 90 крамаў), якая працавала пад брэндам «Родная сторона».
Драбнейшымі актывамі Лагуна былі тры страхавыя кампаніі — «Дэльта страхаванне», «Пенсійныя гарантыі» і «Беларускі страхавы фонд» — з сумарнымі інвестыцыямі ў $ 8 млн.
«Паволі бізнес развіваўся, а з ім раслі і апетыты ўлады. Акрамя СТАА «Гольф клуб», у які «Дэльта» уклала звыш $ 40 млн, у 2009 годзе Лагуна “папрасілі” прафінансаваць будаўніцтва вёскі і дзіцячага дому “Истоки”. Менавіта там Мікалай Лагун у верасні 2010 года ўпершыню зʼявіўся на публіцы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Украінскі інвестар і беларускі прэзідэнт пілі гарбату з хатнім печывам і размаўлялі пра дабрачыннасць».
Усё змянілася з пачаткам палітычнага і эканамічнага крызісу ва Украіне ў 2014 годзе. Як кажа сам Лагун, на стаўленне ўладаў Беларусі маглі паўплываць яго ўкраінскія праблемы. «Мы сталі слабей, пачаліся атакі на нашы актывы ва Украіне — і адразу ж аналагічныя дзеянні сталі адбывацца ў Беларусі», — распавядае ўкраінскаму выданню банкір.
«Адным з першых актываў Лагуна, які «сышоў у сямʼю», стала сетка прадуктовых крамаў «Родная сторона». Партнёрам Мікалая Лагуна ў гэтым праекце быў Ігар Чарняўскі, сябра рады Федэрацыі па гандболе і партнёр экс-прэмʼер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча».
Паводле выдання, Чарняўскі за 6 месяцаў ператварыў паспяховую гандлёвую сетку ў кампанію-банкрот. Пасля чаго ўсе крамы Чарняўскі здаў у арэнду на 10 гадоў кампаніі «Дабраном», якой валодае Сяргей Літвін (звязаны з кампаніяй «Евроопт» і па некаторых звестках «гаманец Лукашэнкі»).
Адным з апошніх актываў Мікалая Лагуна застаецца офісны будынак у Мінску, які пакуль не ўдалося прадаць.