Сертыфікацыя тэхнікі ўдарыць па спажыўцах, папярэджваюць бізнес-саюзы

Сертыфікацыя бытавой тэхнікі будзе мець шэраг негатыўных наступстваў і прывядзе да ўшчамлення інтарэсаў канчатковых спажыўцоў. 

Фота www.sugedo.lt

Фота www.sugedo.lt


Такое меркаванне БелаПАН выказалі кіраўнікі беларускіх бізнес-асацыяцый, каментуючы нядаўняе рашэнне ўрада аб абавязковай сертыфікацыі да 1 лютага 2017 года практычна ўсёй бытавой тэхнікі, якая паступае ў Беларусь.

Прынятае рашэнне Дзяржстандарт тлумачыць тым, што ўвядзенне абавязковай сертыфікацыі бытавой тэхнікі па патрабаваннях энергаэфектыўнасці "будзе садзейнічаць забеспячэнню прысутнасці на рынку краіны энергаэфектыўнай прадукцыі з дакладнымі заяўленымі характарыстыкамі".


Кіраўнікі бізнес-саюзаў лічаць гэту аргументацыю сумнеўнай. "Орган стандартызацыі кажа, што ўвядзенне сертыфікацыі будзе спрыяць павышэнню энергаэфектыўнасці тавараў, якія прысутнічаюць на беларускім рынку. Аднак на наша пытанне, як і ў чым мы будзем вымяраць гэты прагрэс, адказу няма", — адзначыў старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.


На яго думку, станоўчыя вынікі ад увядзення абвешчанай сертыфікацыі туманныя, тады як адмоўныя — цалкам відавочныя. "Бізнес у гэтым рашэнні бачыць абмежавальныя бар'еры на шляху руху тавараў у рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці, і орган стандартызацыі абавязаны з такім пунктам гледжання лічыцца", — мяркуе Швец.


Ад увядзення сертыфікацыі ў канчатковым выніку пацерпяць спажыўцы, дадаў ён. "Усе дадатковыя выдаткі бізнесу будуць закладзены ў цану спажывецкіх тавараў. Сёння хіба час правакаваць іх падаражанне? Пытанне рытарычнае, а калі гаварыць пра ўвядзенне нацыянальнай сертыфікацыі — рашэнне непрапрацаванае, прынятае без уліку ўсяго комплексу наступстваў", — сказаў Швец.


Прадстаўнікі бізнес-асацыяцый, якія аб'ядноўваюць пастаўшчыкоў бытавой тэхнікі, прагназуюць прыкметнае зніжэнне асартыменту тавараў, што ўвозяцца, паколькі эканамічнага сэнсу праводзіць сертыфікацыю тавараў, якія паступаюць невялікімі партыямі, не будзе. "Калі гаворка ідзе, напрыклад, пра буйнагабарытную бытавую тэхніку або эксклюзіўныя мадэлі тэхнікі, то кошт выпрабаванняў можа істотна паўплываць на іх цану, і пастаўшчыкам па гэтай прычыне будзе больш выгадна звузіць асартыментны пералік, чым прадаваць усю наменклатуру тавараў", — расказаў БелаПАН генеральны дырэктар Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Ананьеў.


Калі прынятае рашэнне аб увядзенні сертыфікацыі не адменяць, многія пастаўшчыкі бытавой тэхнікі будуць вымушаныя прыбраць тавары з паліц крам, лічыць ён. "Іншае верагоднае наступства — рост шэрага рынку, то бок тавары, якія не маюць сертыфікатаў, могуць з'явіцца ў продажы ў інтэрнэт-крамах", — адзначыў Ананьеў.


Па-трэцяе, паводле яго слоў, калі пастаўшчыкоў замежных тавараў, якія ўвозяць іх з Расіі, прымусяць праходзіць нацыянальную сертыфікацыю ў Беларусі, расійскі бок можа прыняць меры ў адказ. "У цяперашнім выглядзе пастанова аб увядзенні сертыфікацыі можа мець негатыўныя наступствы як для ўнутранага рынку Беларусі, так і для беларускага экспарту. Вельмі верагодна, што ў дачыненні да беларускіх вытворцаў могуць быць прыняты сіметрычныя рашэнні з боку Расіі, што можа ўдарыць па экспарце айчыннай бытавой тэхнікі", — прагназуе Ананьеў.


Беларуская бізнес-супольнасць прапаноўвае альбо цалкам адмяніць пастанову аб сертыфікацыі, альбо выключыць з яе пункты, якія тычацца бытавой тэхнікі і электронікі.


Дзмітрый Заяц, БелаПАН