Сетку крамаў «Бігз» чакае банкрутства. Яе падзеляць «Суседзі» і «Еўраопт»

Дні існавання крамаў «Бігз» (кампанія «Баніяр») палічаныя. Крыніцы ў бізнэс-колах паведамілі «Нашай Ніве», што сетка закрываецца.

Фота «Анлайнер»

Фота «Анлайнер»

«У гісторыі з «Бігзам» няма палітыкі. Банальнае банкруцтва праз даўгі, арэнду і агульную неэфектыўнасць», — сказалі абазнаныя людзі са сферы гандлю.

У сетку «Бігза» да нядаўняга часу ўваходзілі сем аб'ектаў. Гэта гіпермаркет на «Экспабеле» (першы гіпермаркет Беларусі, адкрыты ў 2005 годзе), супермаркет у гандлёвым цэнтры Palazzo, кругласуткавыя крамы на Лагойскім тракце, праспектах Дзяржынскага і Машэрава, вуліцы Кальварыйскай, а таксама міні-маркет на вуліцы Жудро.

Крамы на Машэрава і Жудро ўжо закрытыя, у некаторых іншых пакупнікі бачаць паўпустыя паліцы і рэшту тавару.

Удзельнікі рынка мяркуюць, што некалькі крамаў забяруць сабе «Суседзі», астатнія адыдуць «Еўраопту». А вось гіпермаркет «падвіс» і пакуль не мае пакупніка.

Таксама незразумела, што будзе з даўгамі.

«У «Бігза» была істотная памылка ў пазіцыянаванні, важным для рытэйла. Яны сябе ніяк не пазіцыянавалі — не зразумела было, танныя яны ці дарагія, што ўнікальнага прадаюць? Вось народ да іх і не пайшоў», — лічыць аналітык са сферы.

Гаспадарамі кампаніі лічыліся Наталля Лукомская (30%), Аляўціна Лукомская (23%) і Барыс Лукомскі (10%). Некаторыя з іх знаходзяцца за мяжой.