Сярэдні заробак беларусаў у верасні зменшыўся
Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь у верасні склала 831 рубель 3 капейкі, паведамляе Белстат.
Гэта на 13 рублёў 1 капейку менш, чым у жніўні, але на 3 рублі 8 капеек больш, чым у ліпені.
Апошні раз заробак беларусаў падаў сёлета ў лютым. З сакавіка да жніўня ён кожны месяц павялічваўся.
Летась у верасні сярэдні заробак быў на 15% меншым. Рэальныя ж даходы з таго часу амаль не змяніліся.
Паводле плану ўраду, да канца году сярэдні заробак павінен дасягнуць тысячы рублёў. Аднак ужо ў жніўні было адставанне ад графіку росту.
22 кастрычніка міністр эканомікі Уладзімер Зіноўскі заявіў, што да канца году не ва ўсіх рэгіёнах і галінах эканомікі атрымаецца дасягнуць заробкаў у 1000 рублёў.