Святлана Ціханоўская: Рэжым адбірае ў беларусаў іх грошы
Святлана Ціханоўская выклала тры парады, што трэба рабіць беларусам, каб абараніць сябе ад рабавання ўладай.
У сваім тэлеграм-канале Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў берагчы сябе і берагчы тое, што было зароблена сумленнай працай.
«Рэжым пачаў адкрыта адбіраць у беларусаў іх грошы. Ён скраў 1 400 000 рублёў з картак тых, хто прайшоў праз гвалт і катаванні па яго ж загадзе, і цалкам замарозіў рахункі гэтых людзей. Гэта значыць, што ні адзін рахунак ні аднаго беларуса не знаходзіцца ў бяспецы.
Мая каманда працуе над тым, каб замежныя банкі не крэдытавалі беларускія банкі, якія ўдзельнічалі ў крадзяжах у народа. Але калі рэжым пайшоў на крадзеж, кожнаму трэба абараніць свае зберажэнні», — піша яна.
Святлана Ціханоўская параіла закрыйць рахункі ў «Беларусбанку» і «Белаграпрамбанку». А таксама зняць з рахункаў астатніх банкаў наяўныя грошы і расплачвацца імі — «так вы вернеце кантроль над грашыма і зменшыце працэнт падаткаў, якія ад кожнай аперацыі па карце сыходзяць рэжыму».
Акрамя таго Святлана Ціханоўская раіць стварайце падушку бяспекі ў валюце.