«Адказаць павінен кожны, хто цынічна парушыў закон». Святлана Ціханоўская абвясціла народны трыбунал
Святлана Ціханоўская выступіла з заявай, у якой абвясціла пра народны трыбунал. «Калі дзяржаўная судовая сістэма не працуе, мы справімся без яе», — адзначаецца ў заяве.

Фота з тэлеграма Святланы Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская абвясціла, што «Аляксандр Лукашэнка і яго памагатыя — тэрарыстычная арганізацыя».
«У жніўні мы пераканаліся ў тым, што выбарчая сістэма — гэта проста фікцыя для пакрывання злачынстваў рэжыму. І мы самі вырашылі лічыць нашы галасы. Правасуддзе ў нашай краіне — такая ж фікцыя, і беларусы гатовыя дзейнічаць, каб вярнуць закон», — адзначыла яна ў сваёй заяве.
Святлана Ціханоўская кажа, што яе план мае дзве мэты: «спыніць беззаконне і паказаць, што баяцца павінны не пратэстоўцы, а тыя, хто ўчыняе злачынствы супраць іх».
«Калі дзяржаўная судовая сістэма не працуе, мы справімся без яе. Адказаць павінен кожны, хто цынічна парушыў і парушае закон: ад сябраў выбарчых камісій і праўладных назіральнікаў да чыноўнікаў, ідэолагаў і афіцэраў, якія аддавалі і выконвалі злачынныя загады. Вы парушылі закон, і вы баіцеся правасуддзя. Але час правасуддзя прыйшоў».