У Беларусі хутчэй за астатнія растуць… рэгулюемыя дзяржавай цэны!

У Беларусі цэны на рэгулюемыя тавары растуць хутчэй, чым павялічваецца інфляцыя ў цэлым. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

900x600x15b1e410c9d129fed669a0393f618215.jpg.pagespeed.ic.zwhrtvgo34.jpg


У ведамстве адзначылі, што на павелічэнне гадавой інфляцыі на сацыяльна значныя тавары асноўны ўплыў аказала паскарэнне росту цэн на тавары сегмента плодаагародніннай прадукцыі, а таксама захаванне на высокім узроўні прыросту цэн на мяса і мясапрадукты, тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, перадае «Тэлеграф».

Так, плодаагароднінная прадукцыя, паводле ацэнкі МАРГ, за год падаражэла на 24,8% (14,2% у верасні), малако і малочныя прадукты — на 7,7%, крупы і бабовыя — на 6,1%, мэбля — на 14,5%, абутак — на 2,9%, жыллёва-камунальныя паслугі — на 12,1%.

За кастрычнік адзначаецца павелічэнне цэн на бульбу (на 7,1%) і гародніну: у тым ліку памідоры — на 43,2%, агуркі — на 65,8%. Пры гэтым у дачыненні да снежня 2020 года памідоры патаннелі на 7,8%, агуркі — на 26,5%.

А садавіна ў кастрычніку, у параўнанні з вераснем 2021 года, патаннела на 0,9% — шмат у чым з-за зніжэння коштаў на цытрусавыя на 11,7%.

Кандытарскія вырабы і мэбля падаражэлі на 1,6%, мяса і мясапрадукты — на 1,4%, малако і малочныя прадукты — на 1%, адзенне — на 0,7%. Зніжаюцца тарыфы на паветраны транспарт (на 3,8%) і міжнародны чыгуначны транспарт (на 10,8%).

У сферы пастаянна рэгуляванага цэнаўтварэння па выніках кастрычніка прырост цэн і тарыфаў у гадавым выражэнні склаў 10,7%.

За месяц павялічаныя тарыфы на ацяпленне (на 12,2%) і паслугі карыстання ліфтам (на 62,3%). Таксама павышаныя тарыфы на медыцынскія паслугі (на 0,4%).

За год — у параўнанні з кастрычнікам 2020 года — цэны ў Беларусі выраслі на 10,5%. Больш за ўсё за год у краіне падаражэлі харчовыя тавары — на 12,1%. Цэны на нехарчовыя выраслі на 10%, а на паслугі — на 8,6%.