У Беларусі істотна зменяцца цэны на лекі
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання хоча павялічыць даступнасць лекавых прэпаратаў. У гэтым пытанні ведамства спадзяецца на сістэму абмежавання росту кошту лекаў праз рэгістрацыю адпускных цэн беларускіх вытворцаў і замежных.
Як адзначыў кіраўнік МАРГ Уладзімір Калтовіч, у краіне пачне працаваць так званая сістэма рэферэнтнага цэнаўтварэння, паведамляюць naviny.by.
Паводле яго слоў, праведзены спецыялістамі ведамства маніторынг паказаў, што высокі кошт тых ці іншых лекаў прызначаюць у асноўным самі вытворцы. І калі кошты ў краіне рэгулююцца, то ўплыву на заяўленую цану вытворцаў раней не было.
Цяпер жа фармакалагічныя кампаніі будуць вымушаныя абгрунтоўваць кошт свайго прадукта.
Нагадаем, 26 студзеня ў час наведвання фармацэўтычнага прадпрыемства "Мінскінтэркапс" Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць пад жорсткі кантроль сістэму абароту і вытворчасці ў краіне лекавых сродкаў.
Ён запатрабаваў канчаткова разабрацца з праблемай пасярэдніцтва як у фармотраслі, так і ў іншых сферах: «Пасярэднікі нас абдзіраюць нагала, давайце разбірацца з гэтай праблемай. Гэтая праблема не толькі ў іх (у сферы фармотраслі), я ўжо дзесяць разоў казаў аб пасярэдніцтве».
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што заробак пасярэднікаў часам складае палову ад кошту тавару: «Гэта робіць даражэйшым тавар. Чаму мы не займаемся гэтым пытаннем? Гэта пытанне нумар адзін».