У Беларусі з'явіцца незалежны эканамічны апеляцыйны суд
У Беларусі будзе створаны незалежны эканамічны апеляцыйны суд, паведаміў 23 снежня старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. Такое рашэнне было прынята ў час яго рабочай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Цяпер склалася такая сітуацыя, калі эканамічныя абласныя суды разглядаюць спрэчкі па першай інстанцыі, і яны ж разглядаюць гэтыя спрэчкі ў апеляцыйным парадку, — распавёў Сукала ў эфіры СТБ. — На наш погляд, гэта не зусім правільна. Апеляцыйную функцыю мы з абласных судоў канфіскоўваем і перадаем у спецыяльны суд, які будзе адзін на ўсю краіну — адзіны эканамічны апеляцыйны суд».
Стварэнне такога суда, на яго думку, «павысіць якасць разгляду эканамічных спрэчак і дазволіць завяршаць правасуддзе на апеляцыйнай стадыі».
Паводле інфармацыі прэс-службы кіраўніка дзяржавы, у размове з Лукашэнкам Сукала даў справаздачу аб праведзенай працы для рэалізацыі нацыянальнай праграмы развіцця сістэмы правасуддзя на бліжэйшыя пяць гадоў.
Праграма была сфарміравана па выніках сустрэчы Лукашэнкі з судзейскім корпусам краіны, якая адбылася 5 красавіка і была прымеркавана да цырымоніі адкрыцця Дома правасуддзя. Дакумент налічвае 23 палажэнні, па 14 з іх непасрэдным выканаўцам з'яўляецца Вярхоўны суд.
naviny.by