«У рэпрэсіўнай палітыцы можа існаваць толькі рэпрэсіўная эканоміка», — эканаміст

Старшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC, эканаміст Дзітрый Крук расказаў «Свабодзе», ці могуць улады ўвесьці валютныя абмежаваньні, рабіць прагнозы, што будуць рабіць улады з бізнэсам, і тлумачыць, што сталася з «рэформамі» ўраду Галоўчанкі.

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

— Апошнія тыдні з’явілася непацверджаная інфармацыя, размовы пра тое, што ўлады могуць рыхтаваць пэўныя дзеянні для абмежавання абарачэння замежнай валюты ў Беларусі. Ці ёсць нейкія эканамічныя падставы для такіх чутак і ці магчыма, што ўлады прымуць такія рашэнні?

 — Падставы для такіх разважанняў грунтуюцца перш за ўсё на тым, што за апошні год адбыўся вельмі істотны адток валюты з банкаўскай сістэмы Беларусі. Расце замежны дзяржаўны доўг, усё больш складана яго абслугоўваць. Таксама ёсць пытанні наконт стабільнасці замежнагандлёвага балансу, які за апошні год нават палепшыўся, але з красавіка гэтае паляпшэнне здзімаецца. Таму існуе даволі вялікая колькасць рызык, якія могуць прывесці да валютнага крызісу.

У такой сітуацыі зусім не дзіўна, што ўладам прыходзяць у галаву ідэі ўвесці пэўныя валютныя абмежаванні. Дадатковы чыннік — менавіта цяпер набываюць моц змены ў валютнае заканадаўства. Яшчэ год таму, калі яны прымаліся, некаторыя артыкулы ўспрымаліся як пэўная эканамічная лібералізацыя — напрыклад, пакінулі за Нацбанкам права ўводзіць пэўныя валютныя абмежаванні. Усе гэта павялічвае хваляванні, што ўлады могуць увесці нейкі нярынкавы рэжым кіравання валютнымі аперацыямі.

— Мы бачым, як нарастаюць рэпрэсіі ў грамадска-палітычнай сферы. Як гэта можа адбіцца на эканамічным жыцці? Ці можа ў такіх палітычных умовах эканоміка заставацца некранутай гэтай хваляй рэпрэсіяў? Як палітычная атмасфера можа адбіцца на эканамічным клімаце?

— Яна ўжо адбіваецца. Усё больш прадпрыемстваў задумваюцца і ажыццяўляюць рэлакацыю альбо фінансавую эміграцыю, мяняюць сваё юрыдычнае «грамадзянства». Некаторыя з’язджаюць ці мяняюць дыслакацыю праз нязгоду з палітычнымі падзеямі, некаторыя — праз патэнцыйны ўплыў санкцыяў альбо будучых магчымых рашэнняў уладаў, напрыклад, тыя ж валютныя абмежаванні. Усе гэтыя працэсы непазбежна адаб’юцца на агульным стане эканомікі.

На думку многіх ва ўладзе, прыватны сектар вінаваты ў тым, што адбылося, вінаваты ў пратэстах. Таму і гучаць галасы пра адзяржаўліванне, пра нацыяналізацыю.

— Часам кажуць, што наступныя пасля журналістаў і праваабаронцаў — гэта бізнесоўцы, прадпрымальнікі. Ці можна чакаць, што да бізнесу прыйдуць з мэтай «раскулачыць»?

— Хутчэй мэта будзе не «раскулачыць», а «нармалізаваць». Яны хочуць бачыць бізнес цалкам залежным ад улады. Толькі такі бізнес, на думку ўладаў, мае права на існаванне.

— Ужо прайшоў пэўны час пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцыяў і можна больш дакладна ацаніць іхны магчымы ўплыў. Калі аналізаваць толькі тыя санкцыі, якія ўжо ўведзеныя, — які эфект яны будуць мець для беларускай эканомікі?

— Пакуль санкцыі пакідаюць даволі шмат поля для манеўру, для спробаў неяк іх абысці праз розныя бізнес-схемы. Я думаю, у найбліжэйшыя месяцы гэта і будзе асноўным пытаннем — ці ўдасца беларускім уладам пабудаваць такія схемы. Калі ж санкцыі будуць працаваць так, як абвешчана, найперш у калійнай і нафтавай галіне, то толькі гэта (не адразу, а з канца 2021-га — пачатку 2022 года) прывядзе да прасядання ВУП мінімум на 3 адсоткі. Натуральна, улады будуць шукаць нейкія пралазы, каб не дапусціць такога эфекту.

— Вы сказалі, што ў санкцыях пакінута «поле для манеўру». Гэта Еўрасаюз зрабіў для таго, каб можна было, у залежнасці ад паводзінаў афіцыйнага Менску, альбо ўзмацніць, альбо аслабіць іх?

— Так, гэта відавочна. Еўрасаюз фактычна адкрытым тэкстам кажа, што ў выпадку пагаршэння сітуацыі санкцыі могуць пашырыцца, перайсці на фінансавы сектар.

— Восенню 2020 года беларускі ўрад прадставіў эканамічную праграму, якую ў іншай палітычнай сітуацыі можна было б расцаніць як дастаткова ліберальную. Што-небудзь з гэтага было ўведзена ў жыццё ці ўсё засталося толькі дэкларацыяй? Ці эканоміка проста ідзе ўслед за рэпрэсіўнай палітыкай?

— Вядома, у рэпрэсіўнай палітыцы можа існаваць толькі рэпрэсіўная эканоміка. Я не бачу перспектываў, каб нейкія прыгожыя планы ці намеры, нават запісаныя ў праграмах, маглі б быць рэалізаваныя. Немагчыма сур’ёзна ставіцца да заяваў ураду пра нейкія «рэформы» ў цяперашніх умовах. Гэта зусім іншая сітуацыя нават у параўнанні з 2016–2017 годам, калі пачалася нармалізацыя адносінаў з Еўропай і гэта таксама рабіла ўплыў на пэўныя эканамічныя рашэнні. Цяпер гэтага ўплыву няма.