У абменніках не хапае расійскіх рублёў. Работнік банка: У апошні час продаж вырас у 30 разоў
Попыт на валюту, якая таннее, звязаны з тым, што беларусы сталі часта ездіць на шопінг у суседнюю краіну. Касы некаторых банкаў павялічылі продаж расійскіх рублёў у 30 разоў.
— Хацеў купіць сёння расійскія рублі, але аказалася, што ў гандлёвым цэнтры на Уманскай у двух абменніках іх на той момант не было, — падзяліўся чытач TUT.BY.
— Мы на выходныя збіраліся ў Смаленск, выбраць пральную машыну дзецям на Новы год, — распавяла жыхарка Віцебска Марына. — Але ні ў адным з
абменнікаў на праспекце Чарняхоўскага расійскай валюты не было, таму прыйшлося купіць даляры. Не з беларускімі ж рублямі ехаць!
У банках пацвярджаюць, што праблемы з забеспячэннем абменнікаў расійскай валютай сапраўды існуюць. Грошы проста не заўсёды паспяваюць своечасова падвозіць. Асабліва гэта тычыцца абменных
пунктаў, якія знаходзяцца ў крамах і іншых людных месцах.
— Ні для каго не сакрэт, што цяпер многія беларусы ездзяць у Расію за пакупкамі. Адны купляюць машыны, іншыя — бытавую тэхніку, хтосці вязе бензін. Лагічна, што
ў гэтай сітуацыі узрос попыт на расійскія рублі, — кажа прадстаўнік аднаго з беларускіх банкаў. — Бо ехаць у Расію з доларамі ці еўра зараз менш выгадна, чым адразу
з расійскімі рублямі.
Сапраўды, калі вам трэба, дапусцім, 5 тысяч расійскіх рублёў, то па цяперашнім курсе для іх пакупкі вам спатрэбіцца прыкладна 1,022 мільёна беларускіх рублёў. Калі ж за гэтыя грошы вы купіце
долары і потым здадзіце іх у расійскім абменніку, то атрымаеце на рукі ўжо каля 4860 расійскіх рублёў. А чым больш сума планаванай пакупкі, тым больш будзе страта на розніцы курсаў.
Акрамя таго, цяпер беларусы здаюць расійскай валюты менш, чым у папярэднія месяцы.
— Напрыклад, сёння ў сярэднім адзін наш абменнік прадаў 400 тысяч расійскіх рублёў, пры гэтым здалі наведвальнікі ў два разы менш, — падзяліліся
статыстыкай яшчэ ў адным банку. — Да таго як у Расіі здарылася дэвальвацыя, расійскі рубель у асноўным толькі здавалі і вельмі рэдка куплялі. Прычым здавалі нашмат больш, чым цяпер.
Магу сказаць, што па нашым банку [у апошні час] продаж расійскай валюты вырас у 30 разоў.
finance.tut.by