Урад ідзе на саступкі іпэшнікам

Набылі моц папраўкі ў правілах карыстання плацёжнымі тэрміналамі.

444.jpg

Савет міністраў і Нацыянальны банк унеслі папраўкі ў правілы ўстаноўкі і выкарыстання індывідуальнымі прадпрымальнікамі плацежных тэрміналаў.
Прэсавая служба беларускага ўраду піша, што згодна з новай версіяй дакументу, дазваляецца «выкарыстанне аднаго плацежнага тэрмінала, які дазваляе весці раздзельны ўлік аперацый прыёму аплаты, у размешчаных на плошчах аднаго гандлёвага цэнтра і (або) тэрыторыі аднаго рынку некалькіх абʼектах, у якіх дзейнасць ажыццяўляецца адным ці некалькімі індывідуальнымі прадпрымальнікамі».
Прасцей кажучы, некалькі іпэшнікаў на кірмашы могуць карыстацца адной і той жа прыладай.
Паводле новаўвядзення, іпэшнік павінен даставіць плацежны тэрмінал да трымальніка банкаўскай аплатнай карткі непасрэдна ў абʼект, дзе вырабляецца аплата. То бок, калі гандляр запрапануе пакупніку прайсці ў суседні павільён, гэта будзе парушэннем закону.
ІП маюць права ажыццяўляць дзейнасць без устаноўкі і выкарыстання плацежных тэрміналаў пры наяўнасці дакументу, які пацвярджае прыём банкам-экваерам заяўкі на ўстаноўку плацежнага тэрмінала, на працягу двух месяцаў з даты ўзнікнення абавязку па ўстаноўцы і выкарыстанні плацежнага тэрмінала.
Дзяржава пайшла на дыялог з прадпрымальнкамі пасля неаднаразовых просьбаў з боку дробнага бізнесу. 4 лютага загадам міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага была ўтвораная працоўная група па праблемных пытання ІП. Менавіта падчас яе паседжання дзяржава пагадзілася саступіць у справе тэрміналаў.
Згодна з ранейшым заканадаўствам, гандляры павінныя былі ўсталяваць тэрміналы да 1 студзеня 2016 года.
Паводле belsat.eu