Выспа пінгвінаў

На нарадзе з педагогамі Лукашэнка быў шматслоўны.

У выніку логіка яго выступлення аказалася настолькі шматзначнай, што можна казаць пра яе адсутнасць.

Гаварыў пра тое, як урад і прэзідэнт раздавалі безаглядна грошы, пра тое, як яны ж справакавалі народ на ажыятажную закупку іншамарак. Што прывяло да валютнага дэфіцыту. Але ж Лукашэнка і ўрад раздавалі грошы не свае, а бюджэтныя, менавіта яны друкавалі пустыя паперкі. А людзі выдаткоўвалі на аўто ўласныя грошы, уласную валюту, якая належала ім, а не дзяржаве.



8ae1da0fe37c98412768453f82490da2.jpg

На нарадзе з педагогамі Лукашэнка быў шматслоўны.

У выніку логіка яго выступлення аказалася настолькі шматзначнай, што можна казаць пра яе адсутнасць.
Гаварыў пра тое, як урад і прэзідэнт раздавалі безаглядна грошы, пра тое, як яны ж справакавалі народ на ажыятажную закупку іншамарак. Што прывяло да валютнага дэфіцыту. Але ж Лукашэнка і ўрад раздавалі грошы не свае, а бюджэтныя, менавіта яны друкавалі пустыя паперкі. А людзі выдаткоўвалі на аўто ўласныя грошы, уласную валюту, якая належала ім, а не дзяржаве.
Лагічна было б за жудасны стан эканомікі ўзяць усю адказнасць на сябе, а не перакладаць яе на плечы тых, хто ніякага ўплыву на дзяржаўныя фінансы не мае.
Але ж не дзеля таго збіраюць настаўнікаў на прэзідэнцкую нараду, каб распавесці ім эканамічныя банальнасці. Хоць настаўнікаў і называюць лаўцамі душаў, але ў нашых умовах іх можна лічыць і наглядчыкамі. За тым, каб дзеці не адступілі ні на крок управа ці ўлева ад вызначанай з вяршынь вертыкальнай лініі. Акрамя таго, ім загадана прывіваць любоў да Радзімы, дзяржавы, Канстытуцыі ды іншага атрыбутыўнага інвентару так, каб гэта любоў мела сваім аб’ектам толькі і выключна адну фігуру саміведаецекаго.
Гэта настолькі відавочна, што не патрабуе доказу, і можа лічыцца аксіёмай узаемных стасункаў паміж ім і школай. Прынамсі, гаворачы пра высокае і патрыятычнае, педагогі і іх вучні павінны разумець, што маецца на ўвазе менавіта гэты мужны чалавек, якому ўсе вінны за ўсё.
Тады гэтак жа лагічна, што ўсіх астатніх можна рассартаваць па годнасці, вартасці, карыснасці, варожасці. Як казаў той, давайце ўяснім гэтую простую ісціну.
Быццам бы, сапраўды, для паспяховага, дынамічнага развіцця краіны патрэбны не рэвалюцыя і вулічная анархія, а з’яднанасць усіх грамадзян незалежна ад іх поглядаў, скіраванасць на канструктыўнае супрацоўніцтва. Але ж калісьці старшакласніцы пісалі сабе як заклінанне ў агульны сшытак-песеннік — памры, але не давай пацалунак без кахання. І сапраўды, некаторыя паміралі, а некаторыя заставаліся нецалаванымі да скону жыцця.
А зараз што? Мноства, калі не большасць тых, да каго ўлада лезе з пацалункамі, мякка кажучы, яе не кахаюць. Наадварот, лічаць, што краіне вельмі не пашанцавала калісьці з начальствам, і таму яно/ён павінны сысці дзеля агульнай карысці. Каб не заядаць людзям веку, каб не марнаваць дарэмна час, як гэта яно робіць на працягу ўсяго тэрміна свайго бездапаможнага кіравання.
На пачатку 1990-х гадоў самымі актыўнымі прыхільнікамі перамен былі людзі пад 30–40 гадоў, якія сёння падышлі да пенсійнага ўзросту. Якіх, ужо відавочна па ўсім, за выключэннем асобных статыстычных выключэнняў, чакае гаротная старасць, жабрацкае дажыванне.
Ніколі Беларусь за ўсю сваю гісторыю не мела такіх цудоўных магчымасцей, каб наладзіць годнае жыццё для сваіх людзей. Увесь свет ставіўся і ставіцца з павагай і спачуваннем да яе народа. А рэжым усё шукае ворагаў. І знаходзіць. Зразумела, у першую чаргу сярод беларусаў, якім смяротна надакучылі бесперапынныя спробы брутальных абдымкаў. Але яшчэ болей за мяжой. Прычым ужо і ў Расіі, а не толькі ў Еўропе. Усе замінаюць. Быццам бы ў Беларусі ёсць нейкі скарб, які не дае спакою, не дае спаць ад зайздрасці.
І атрымліваецца дурная бясконцасць — усіх ворагаў не пералічыш. Лезуць, атакуюць, ціснуць з усіх бакоў, злева і справа. Каб не дазволіць дзяржаве ў цэнтры Еўропы хадзіць «у белых пальчатках», радавацца жыццю. Каб заваяваць, падарваць валюту, засыпаць дустам, заблакіраваць беларускія тавары, бо яны лепшай якасці і танныя. Насядаюць праз інтэрнэт, праз сацыяльныя сеткі, каб дзеці не чыталі не слухалі сваіх айчынных аракулаў, шматслоўных і незразумелых прамоў. Якія і настаўнікі слухаюць па абавязку, бо іх сабралі спецыяльна і сочаць, каб ніхто не заснуў ад адчаю зразумець ісціны «ў геастратэгічным плане».
Паспрабуй хто слова ўставіць, такі дыялог атрымаецца.
Пятая калона, ворагі, ворагі, ворагі… Проста бяда нейкая — каго б беларус дзе ні сустрэў, павінен чакаць, мінімум, аплявухі. Калі дома, то гэта, зноў жа, аксіёма. Тут прычын не шукаюць, толькі зачэпку. А калі не, то б’юць проста так, ад дрэннага настрою, таму што загадана. А вось у замежжы нічога такога асаблівага ў стаўленні да беларусаў не адзначаецца.
У гэтай сувязі ўспамінаецца «Выспа Пінгвінаў» Анатоля Франса. Там падслепаваты хрысціянскі місіянер, праплываючы на караблі міма льдзіны, перахрысціў калонію пінгвінаў. Добра, што аб сваім хрысціянстве тыя не здагадаліся.
А мы не можам згадаць сваіх сусветных ворагаў. Магчыма, аратар зноў пераблытаў сваё і чужое?