Замест падарунка. З 23 лютага зноў даражэе аўтамабільнае паліва
З 23 лютага ў Беларусі рознічныя цэны на дызельнае паліва і аўтамабільны бензін павялічацца на 1 капейку. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе «Белнафтахіма».
— З улікам росту сусветных каціровак нафты «Белнафтахім» працягвае рэалізацыю цанавой стратэгіі па індэксацыі гранічных максімальных цэн на нафтапрадукты, — праінфармавалі ў канцэрне.
З 23 лютага 1 літр бензіну АІ-92-К5-Еўра будзе каштаваць 1
рубель 74 капейкі, АІ-95-К5-Еўра — 1 рубель 84 капейкі, АІ-98-К5-Еўра — 2 рублі 6
капеек, ДТ — 1 рубель 84 капейкі.
Гэта чацвёртае змяненне цэн на аўтамабільнае паліва ў
гэтым годзе. Апошні раз цана на паліва змянялася 16 лютага: дызель і бензін
падаражэлі на 1 капейку. Тады ў «Белнафтахіме» распавялі, што з 1 да
12 лютага адзначаўся ўзыходзячы трэнд змены сусветных цэн нафты. Сярэдняя
каціроўка нафты маркі Brent за названы перыяд склала блізу 60 долараў ЗША за
барэль і вырасла ў параўнанні з узроўнем каціровак за студзень на 9 адсоткаў. У
такіх умовах значна ўзраслі выдаткі на закупку нафты, таму цэны на паліва выраслі.
Нагадаем, у 2020 годзе цэны на паліва мяняліся 16 разоў, у
2019-м — 28, годам раней — 27.
Паводле TUT.BY.