Заробкі танчаць долу ды ўверх

Улады разглядаюць магчымасць павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду. А тым часам сярэдні намінальны заробак па краіне ў жніўні параўнальна з папярэднім месяцам упершыю за 2014 год скараціўся, а не вырас.



zarobki.jpg

Пра імавернае павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду 24 верасня заявіла падчас анлайнавай канферэнцыі ў БЕЛТА міністр працы і сацыяльнае абароны насельніцтва Марыяна Шчоткіна. Яна нагадала, што ў бягучым годзе памер тарыфнай стаўкі першага разраду павялічваўся двойчы — 1 красавіка і 1 мая з 260 тысяч да 275 тысяч беларускіх рублёў. Апроч таго, урад павялічваў заробкі асобным катэгорям працаўнікоў бюджэтнае сферы — установаў адукацыі пры рэалізацыі імі адукацыйных праграм дашкольнай адукацыі, а таксама медыцынскім работнікам, якія аказваюць дапамогу ў амбулаторных умовах і хуткую (неадкладную) медычную дапамогу.

Тым часам сярэдні намінальны заробак па краіне ў жніўні склаў 6,36 мільёна рублёў і ўпершыню ў бягучым годзе скараціўся на 1,4% параўнальна з папярэднім месяцам. Хоць да гэтага цягам усяго году назіраўся штомесячны рост намінальнага сярэдняга заробку. Напрыклад, у лютым параўнальна са студзенем рост склаў 1,3%, у сакавіку параўнальна з папярэднім месяцам — 6,8%, у красавіку — 1,9%, у маі — 3,3%, у чэрвені — 2,4%, у ліпені — 4,1%. Дарэчы, найбольш у жніўні заробкі зменшыліся ў Мінску і на Берасцейшчыне — на 2,3%.       

На думку экспертаў, жнівеньскае падзенне заробкаў яшчэ не ёсць трагедыя, гэта можа быць звязана з сезонам адпачынкаў, то бок пра нейкую тэндэнцыю казаць пакуль рана. З іншага боку, то й жа сярэдні намінальны заробак у амаль 600 долараў не адпавядае ўзроўню прадукцыйнасці працы, таму ўжо сёння з’яўляецца завышаным. Цяпер улады вымушаныя думаць, як утрымаць хоць тое, што працоўны люд мае сёння.

Можна меркаваць, што верагоднае павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду будзе мець такі памер, каб фактычна захаваць заробкавы статус-кво, бо на істотнае павышэнне заробкаў у дзяржавы няма сродкаў, і яны не прадбачацца. Таму ні пра абяцаны раней сярэдні заробак у 700 долараў да канца 2014 года і тым больш пра заробак у тысячу долараў да канца году наступнага ўлады нават больш і не заікаюцца. Ім бы напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі, як той пісаў, “дзень прастаяць ды ноч пратрымацца”.

Так што скокі заробкаў з коштамі будуць працягвацца. А вось тое, хто ў гэтых скоках апынецца больш спрытны, можна здагадацца ўжо цяпер.